Рабоце бiблiятэк — новы iмпульс

У мэтах прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы чытання, Указам прэзідэнта РБ ад 30.12.2011 г. № 618 2012 год абвешчаны ў Беларусі Годам кнігі. Такое рашэнне было прынята ў мэтах павышэння ролі кнігі, развіцця айчыннай літаратуры і  чытання ў цэлым.

 

Бібліятэчная сетка Бабруйскага раёна аб’ядноўвае 23 установы: цэнтральная бібліятэка, Глушанская пасялковая, 18 — сельскіх, 3 бібліятэкі-клубы. Акрамя таго, бібліятэчнай дзейнасцю займаюцца 7 сельскіх клубаў-бібліятэк: Плёскі, Туркоўскі, Дойніцкі, Бярэзавіцкі, Пятровіцкі, Брожскі, Ламбаўскі. Кніжны фонд складае 393 727 выданняў і матэрыялаў, у т.л. 412 — электронных дакументаў. Бібліятэкамі  абслугоўваецца звыш 16 тысяч карыстальнікаў, кнігавыданне складае звыш 100 тысяч асобнікаў.

— У першым паўгоддзі бягучага года на камплектаванне бібліятэчных фондаў накіравана і засвоена 156 мільёнаў 200 тысяч рублё, што складае 13,8 працэнты ад бюджэтнага фінансавання бібліятэчнай сеткі, — распавядае загадчыца аддзелам камплектавання цэнтральнай раённай бібліятэкі Жана Канькова. — Таксама набыта 1337 асобнікаў сацыяльна значных выданняў на суму 45 250 тысяч рублёў, што складае 62,6 працэнты ад сумы фінансавання на камплектаванне ў першым паўгоддзі гэтага года. З іх 843 асобнікаў літаратуры на суму 21 161 тысяча рублёў і 494 асобнікаў перыядычных — на суму 24 мільёны рублёў. Непасрэдна гэтай працай займаецца наш аддзел камплектавання, які ўзаемадзейнічае з 8 дзяржаўнымі рэспубліканскімі выдавецтвамі, такімі як «Беларусь», «Беларуская навука», «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Літаратура і мастацтва», а таксама нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі РБ.

Кніга мае вялікі ўплыў у сучасным свеце, яе набываюць і чытаюць як дзеці, так і дарослыя. Але не сакрэт, што цікавасць да кнігі і чытання з кожным годам змяншаецца, але нягледзячы на гэта, Беларусь была і застаецца адной з самых чытаючых краін Еўропы і постсавецкай прасторы.

Пытанні захавання і развіцця беларускай літаратуры і культуры — прадмет асаблівага клопату дзяржавы. Дзяржаўнай праграмай развіцця культуры Беларусі на 2011-2015 гады прадугледжваецца вылучэнне дастатковых сродкаў на мэтавае фінансаванне бібліятэк.

— Так, напрыклад, будзе вылучана 24 мільёны на забеспячэнне доступу да электронных інфармацыйных рэсурсаў, уключаючы закуп электронных выданняў і баз дадзеных, 123 мільёны — на абсталяванне бібліятэк камп`ютэрнай тэхнікай і ажыццяўленне яе мадэрнізацыі, — расказала намеснік дырэктара бібліятэчнай сеткі па працы з дзіцячым чытачом Галіна Буткевич. — Аўтаматызацыя працоўных месцаў для супрацоўнікаў і месцаў карыстальнікаў з разліку 1 аўтаматызаванае месца на тысячу чалавек. Будзе вылучана 20 600 тысяч на абсталяванне нашай бібліятэкі тыфлаабсталяваннем для карыстальнікаў з парушэннем зроку. А таксама ў рамках дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця сяла на 2011-2015 гады будзе завершана камп`ютэрызацыя бібліятэк аграгарадкоў з падлучэннем да інтэрнэта. На гэтыя мэты таксама запланавана ў раённым бюджэце 3 мільёны рублёў.

Галіна Рыгораўна пераканана, што аб’ява гэтага года ў краіне Годам кнігі надало новы імпульс працы бібліятэк, бібліятэчныя фонды актыўна папаўняюцца новай літаратурай, якую прапануюць беларускія выдавецтвы. Тут і класіка, і новыя імёны, і маладыя аўтары, і новыя літаратурныя серыі, і навукова-папулярная літаратура, літаратура энцыклапедычнага характару для школьнікаў. Багатыя кніжныя фонды бібліятэк зараз папаўняюцца таксама аўдыё- і відэаматэрыяламі. Наяўнасць у бібліятэках аграгарадкоў камп`ютэраў дазваляе шырока выкарыстоўваць інтэрнэт для атрымання неабходнай інфармацыі.

— Цяпер папулярнасцю ў чытачоў карыстаюцца Рублёўская, Баравікова, Чаргінец, наша зямлячка — Батракова, Дайнэка, Татарынаў, Федарэнка і многія іншыя аўтары, — адзначае Галіна Рыгораўна. — Асабліва цікава і вельмі добра аформлены такія серыі кніг, як «Залатая калекцыя беларускай літаратуры», «Старажытная літаратура 17-18 стагоддзяў», папулярныя серыі ў чытачоў — «Маленькі прафесар”, «Дзяржаўныя знакі РБ», «Мой Менск» і інш.

Па-ранейшаму актуальнай застаецца праца бібліятэк па арганізацыі інфармацыйных, агульнаадукацыйных, выхаваўчых мерапрыемстваў. Год кнігі ў Беларусі супадае з юбілеямі класікаў: Якуба Коласа, Янкі Купалы і Максіма Танка. У сувязі з гэтым у самым пачатку года ў раёне праводзіўся конкурс сярод дзяцей, які быў прысвечаны дзейнасці беларускіх класікаў.

— Конкурс меў назву «Што я ведаю пра Якуба коласа і Янку Купалу?» У намінацыі «Нам засталася спадчына» мы падвялі вынікі конкурсу на лепшы малюнак. Імёны пераможцаў: Яўген Кудашоў — за працу па творы Якуба Коласа «Сымон Музыка», Уладзімір Кучынскі — за работу «Выйшлі на поле вось жнеі з сярпамі», Елізавета  Юдзіна — па творы Янкі Купалы «Ў вырай»,  Сяргей Кірэеў — па творы Якуба Коласа «Маці», Таццяна Балдзенка — па аповесці Якуба Коласа «На прасторах жыцця», Яўген Кудашоў —  «Песняры беларускага народа» і Анастасія Бернатовіч — за працу да верша Якуба Коласа «О, край родны, край прыгожы». Віншуем пераможцаў! Усе яны будуць узнагароджаны прызамі і дыпломамі раённага аддзела культуры.

Невыпадкова кніга займае адну з галоўных роляў у фарміраванні і развіцці культуры і грамадства.  Нават у сучасным інфармацыйным свеце яна жыве разам на шэрагу з новымі тэхналогіямі і электроннымі сродкамі масавай інфармацыі, такімі, як тэлебачанне, радыё і інтэрнэт. І,  мяркуючы па ўсім, будзе жыць яшчэ вельмі доўга.

 

Вольга РУДКОЎСКАЯ.

Фото Сяргея ПАДАЛЯКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.