Праз свята — да душы

Для кожнага грамадства ўласцівы свае адметныя традыцыі, не выключэнне тут і беларусы. Але мяняюцца эпохі, разам з імі — пакаленні, і ў выніку многае з таго, што ў свой час прываблівала і захапляла нашых дзядоў і прадзедаў, з’яўляючыся сэнсам іх жыцця, для нас цяпер падаецца архаічным і незразумелым. Аднак нават у сучасным мадэрнізаваным жыцці можна пачуць адгалоскі мінулых эпох, прачытаць пасланне ад продкаў…

Такой весткай з даўніны выглядала дзея, што мела месца ў в. Пятровічы 5 чэрвеня. На другі дзень пасля таго, як уся вёска з размахам адсвяткавала Троіцу, мясцовыя жыхары вырашылі аднавіць абрад Нашэння прошчы.

 

Метадыст па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны раённага Цэнтра культуры Алена Балыка патлумачыла, што “прошчай” называлі месцы з камянямі ці з іконамі, надзеленыя незвычайнай сілай і ўласцівасцямі, да якіх схадзіліся людзі і адбываліся крыжовыя хады.

Справа ў тым, што каля 200 гадоў таму каля в. Гарбацэвічы на ліпавым дрэве была знойдзена ікона, на гэтым месцы ў 1867 г. была пабудаваная царква ў гонар Палажэння рызы Прасвятой Багародзіцы, а сама ікона шанавалася за цудадзейную: да яе звярталіся з маленнямі, з ёю абыходзілі навакольныя вёскі. Так узнік абрад Нашэння прошчы, які праіснаваў да таго часу, пакуль у гады ваяўнічага атэізму не была разбураная царква. Храм разабралі, ікона знікла, а разам з ёю знікла і дзея, якая дазваляла мясцовым жыхарам быць удзельнікамі святочнай традыцыі.

— Прошчу насілі не толькі ў нашай вёсцы, — расказвае загадчык Пятровіцкага сельскага клуба-бібліятэкі Юрый Бобікаў. — Але калі нашыя суседзі проста абыходзілі з цудадзейнай іконай свае вёскі, то пятровіцкія жыхары рабілі абыход з заходам у кожны дом.

— Ой, вы што, у кожны-кожны двор заходзілі! Ніхто ж не хацеў, каб ягоную хату абмінулі! — наўзахваткі дзеляцца ўспамінамі баба Наста і баба Надзея. — Красіва як было! Спачатку неслі крыж, потым хлопцы рушылі з пратэсамі, за імі дзеўкі неслі прошчу, а потым ужо бацюшка ішоў, а за ім людзі ўсе. Народу вельмі шмат раней было…

— Справа ў тым, што з Нашэннем прошчы ў Пятровічах распачынаўся кірмаш, — дадае Юрый Васільевіч. — З усяго наваколля сваякі з’язджаліся і два дні гулялі. Дык уявіце, калі ў кожным двары па дзве-тры сям’і ў гэтыя дні — гэта ж колькі людзей!

І калі кірмашовая традыцыя ў сучасных умовах па сутнасці злілася са святкаваннем Троіцы, то ідэя адраджэння самога абраду Нашэння прошчы падалася творчаму калектыву Пятровіцкага СКБ не такой ужо і нерэальнай.

Метадыст раённага Цэнтра культуры Эліна Ермалаева распавяла, што захаванне традыцыйнай беларускай культуры з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці клубных устаноў раёна. Але адзначыла:

—- У той жа час трэба быць сумленнымі самі з сабой: у пераважнай большасці выпадкаў гэта работа праводзіцца на ўзроўні самадзейнасці, амаль заўсёды — на сцэне клуба. Але ж рэканструкцыя абраду патрабуе вельмі сур’ёзнага навуковага падыходу, бо гэтая дзея цвёрда рэгламентаваная, яна не дапускае аніякіх адхіленняў, недакладнасцей, адвольнай інтэрпрэтацыі. Зыходзячы з гэтага, метадыстам па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны нашага Цэнтра на пачатку сакавіка была наладжана экспедыцыя па фіксацыі ўспамінаў удзельнікаў колішняй працэсіі, і пачалася падрыхтоўчая праца да аднаўлення абраду.

— Мы доўгі час былі засмучаныя думкай аб тым, што абрад давядзецца аднаўляць без самой прошчы. А калі браць іншую ікону, то з чыёй выявай? — расказвае Алена Балыка. — Тут нам на дапамогу прыйшоў айцец Міхаіл, да якога Юрый Васільевіч звярнуўся з просьбай аб удзелу ў рэканструкцыі колішняй традыцыі. Ён выказаў ідэю магчымасці выкарыстаць ікону з выявай Багародзіцы. І, ведаеце, інтуіцыя яго не падвяла!

— Справа ў тым, што мы пэўны час меркавалі, што ікона-прошча з Гарбацэвіцкай царквы павінна называцца так, як называўся сам храм — Рызапалажэння. Іканаграфія гэтага абраза яўна гаворыць нам пра прысутных на выяве некалькіх мужчынаў. Уважліва пераслухаўшы запісы інтэрв’ю з тымі, хто бачыў ікону на свае вочы, упэўніліся: на абразе была напісаная толькі Божая Маці. І адно з арганізацыйных пытанняў было знятае.

— Але гэта не адзіная праблема, з якой сутыкнулася працоўная група па аднаўленню абраду.

— Падчас экспедыцыі ў размовах з бабулямі я заўсёды трымала ў галаве адно пытанне: “А ці хочуць самі носьбіты традыцыі аднаўлення абраду?” — працягвае Алена Балыка. — І калі гэтае пытанне было агучана, я ўбачыла, як заблішчэлі вочы ў бабуль, але ў той жа час пачула: “А хто насіць будзе? Нам жа нельга…” І гэта вялікая праблема захавання нематэрыяльнай спадчыны — старэнне вёскі, а ў нашым выпадку праблема падвоеная: прошчу насілі толькі незамужнія дзяўчаты, пратэсы — нежанатыя хлопцы. Без гэтага немагчыма аднавіць абрад. А дзе іх узяць? А калі прыцягваць і навуковы падыход, то ўзнікае яшчэ адно патрабаванне: маладыя людзі павінны быць мясцовымі.

— У такіх абставінах дапамагае прынцып зямляцтва ці сваяцтва: калі людзі не жывуць на вёсцы, але адсюль іх карані ці яны тут працуюць, што робіць іх часткай мясцовай супольнасці. Паводле такога прынцыпу да ўдзелу ў Нашэнні прошчы былі запрошаны Ірына Бобікава, Андрэй Нямцоў і Іван Салавей.

— Да ўдзелу ў абрадзе мяне запрасілі сюды ў першую чаргу як прыватную асобу, бо мае бацькі з гэтай вёскі, — гаворыць першы сакратар Бабруйскага раённага камітэта ГА «БРСМ» Іван Салавей. — Але, пагадзіўшыся, у той жа час я рабіў стаўкі і на тое, што сваім удзелам у абрадзе я паказваю прыклад стаўлення да спадчыны нашых продкаў іншым маладым людзям і сябрам нашай арганізацыі. Бо ў наш век глабалізацыі, мяркую, менавіта традыцыйная духоўная культура з’яўляецца сродкам нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і выхавання годнай асобы.

— Аднаўленне абраду ў Пятровічах суправаджала яшчэ адна акалічнасць: гэта было жаданне мясцовых жыхароў.

— Гэта вельмі важна. Ледзьве не самае важнае, — падкрэслівае падчас размовы Алена Балыка. — Гэта не было ўказанне зверху, з аддзела культуры, проста так супала, што людзі, якім належала ініцыятыва адраджэння абраду, працуюць разам з намі. А мы, метадычны аддзел, дапамаглі толькі тым, што паказалі, у якім кірунку глядзець, каб не сапсаваць добрую справу. Бо абрад знаходзіцца на памежжы царкоўнай і народнай традыцый, адзін рух — і ён мог ператварыцца ці ў чыстую прафанацыю, ці ў звычайную працэсію, без якой-небудзь адметнасці…

Урачыстая працэсія цягнулася тры гадзіны. Пятровіцкія жыхары з радасцю адгукаліся на магчымасць дакрануцца да даўняй традыцыі: гаспадары запрашалі дзяўчат з іконай і айца Міхаіла на свае двары, людзі, нягледзячы на дождж, далучаліся да працэсіі. Напрыканцы сустрэчы супрацоўнікі аддзела культуры дадалі:

— Праз вашую газету мы хацелі б выказаць цёплыя словы ў адрас тых, хто спрычыніўся да гэтай дзеі. Аднаўленне абраду Нашэння прошчы стала магчымым дзякуючы творчаму калектыву Пятровіцкага СКБ: яны зацікавіліся сваёй спадчынай, праявілі ўважлівасць да яе і ініцыятыву, узялі на сябе арганізацыйныя пытанні. Наша падзяка і айцу Міхаілу за спагадлівасць, дапамогу і падтрымку годнай справы адраджэння нематэрыяльнай спадчыны нашага народа. Вельмі ўдзячныя мы таксама Ірыне Бобікавай, Марыі Рудзько, Людміле Якавец, Кацярыне Хаасма, Мікалаю Фурсу, Мікалаю Рудзько, Андрэю Нямцову і Івану Салаўю, а таксама ўсім, хто прыняў удзел у працэсіі. Але найперш мы удзячныя ўсім сведкам колішняга абраду в. Пятровічы, з якімі мы размаўлялі падчас экспедыцыі і якія дзяліліся з намі сваімі ўспамінамі. Дзякуючы гэтаму мы разам спрабавалі найбольш дакладна і поўна аднавіць Нашэнне прошчы. Усе вы зрабілі так, каб было што і каму цаніць, захоўваць і перадаваць… 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.