Медалісты буйным планам

Гэтых юнакоў і дзяўчат — розных знешне і складам характару, марамі і светапоглядам, на працягу адзінаццаці школьных год аб’ядноўвала агульнае — жаданне і ўменне вучыцца: прымусіць сябе, калі не хочацца, упэўніцца, калі сумняваешся, спазнаць, калі не ведаеш.

Каб атрымаць залаты медаль, адных толькі здольнасцяў мала. Неабходна штодзённая напружаная праца: над падручнікам і над сабой. І яны з ёю справіліся, даказалі сабе і іншым, што, калі вельмі хочаш дасягнуць пастаўленай мэты, то абавязкова дасягнеш.

 

Ірына Сіліч,  Бортнікаўская СШ

Любімымі школьнымі прадметамі Ірыны, як прызнаецца яна сама, былі матэматыка і англійская мова. Матэматыка прываблівала сваёй дакладнасцю, англійская мова — загадкавасцю і мілагучнасцю. Разумовая праца патрабуе вялікага напружання, таму не дзіўна, што ў вольны ад вучобы час — і ў школе, і цяпер, калі рыхтуецца да цэнтралізаванага тэсціравання, — Ірына любіць паслухаць добрую музыку. Пры тым, што перавагу аддае року, слухае і «метал». Ад таго, што вынікам яе вучобы стаў медаль, дзяўчына адчувае, па-першае, радасць перамогі, па-другое, палёгку, што можна хоць колькі дазволіць сабе паслабленне ў вучобе. Праўда, гэта не адносіцца да іспытаў цэнтралізаванага тэсціравання, бо стаць студэнткай Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, куды яна марыць паступіць, не так проста.  

 

Анастасія Юшкевіч, Міхалёўскі ВПК «Дзіцячы сад-школа»

Любоў да кнігі Анастасіі прывіла маці Людміла Уладзіміраўна, настаўнік пачатковых класаў. Любімымі яе прадметамі былі руская і англійская мовы, матэматыка, а яшчэ фізкультура, дзе можна было дазволіць сабе меней думаць і загартоўвацца фізічна. Як і ўсе медалісты, Анастасія шмат удзельнічала ў алімпіядах. А яшчэ яна любіла займацца даследчай работай, і небезвынікова: работа па беларускай літаратуры заняла прызавое месца ў рэспубліканскім конкурсе. У вольны ад вучобы час — хоць ён здараўся рэдка, Анастасія захаплялася мастацкай літаратурай, займалася вышываннем і наведвала спартыўную секцыю, дзе перавагу аддавала гульнёвым відам: валейболу і баскетболу. Задачай-мінімум Насця ставіць атрымаць эканамічную адукацыю, задачай-максімум — пабудаваць сваё жыццё так, каб адчуваць сябе ў ім камфортна.

 

Дзмітрый Зябкін, Гарохаўскі ВПК «Дзіцячы сад-школа».

Было б дзіўным, каб любімымі ўрокамі Дзмітрыя не сталі матэматыка і фізіка: гэтым прадметам навучае школьнікаў яго бацька Міхаіл Дзмітрыевіч, матэматыцы і інфарматыцы — маці Людміла Валянцінаўна. Словам, гены… А вось каб атрымаць найвышэйшую адзнаку па ўсіх прадметах, пастараўся сам Дзмітрый, падыход якога да вучобы ўсе гады быў сур’ёзным і адказным. Пацверджанне таму — удзел у раённых і абласных алімпіядах. Палёгку Дзімітрый дазваляў сабе зрэдку: займаўся спортам, любіў парыбачыць. Далейшае жыццё звязвае з прафесіяй інжынера, якую спадзяецца набыць у БНТУ.

Школьныя гады, па словах Дзімітрыя, былі  цудоўнымі, цяпер прысутнічае невялікае хваляванне: ад развітання з сябрамі, ад нязведанага. Наперадзе ЦТ, таму ўсім сваім аднакласнікам юнак жадае поспехаў і вязення.

 

Уладзіслаў Сысоеў, Бортнікаўская СШ

Дастаткова паразмаўляць з Уладзіславам, каб зрабіць выснову — разумны, эрудзіраваны, камунікабельны. З любімых прадметаў — усе. Па словах юнака, у кожным прадмеце ёсць нешта, што яго зацікавіла, выклікала жывы інтарэс. Акрамя таго, што ўдзельнічаў у раённых прадметных алімпіядах, Уладзіслаў з задавальненнем займаўся даследчай работай па геаграфіі, прымаў удзел не толькі ў раённым, але і абласным конкурсе.

Хлопец захапляецца сучаснай камп’ютарнай тэхнікай і ў паўсядзённым жыцці імкнецца выкарыстоўваць усе яе магчымасці. Сваю будучую прафесію Уладзіслаў марыць звязаць менавіта з гэтым накірункам навукі, таму будзе паступаць у Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. 

 

Анастасія Падшывалава, Хімоўскі ВПК «Дзіцячы сад-школа».

За гады вучобы ў школе Насця зарэкамендавала сябе не толькі стараннай вучаніцай, і цудоўнай спявачкай з музычнай адукацыяй. Дзяўчына прымала ўдзел у прадметных алімпіядах і ў конкурсе навукова-даследчых работ. У школе без яе актыўнага ўдзелу не абыходзілася ніводнае мерапрыемства. А яшчэ Насця з дзяцінства вельмі любіць прыроду і марыць бачыць яе чыстай, зялёнай і квітнеючай. Прычым, хоча быць не толькі пасіўнай сузіральніцай, але актыўнай удзельніцай станоўчых пераўтварэнняў. Менавіта з гэтай мэтай збіраецца паспрачацца за права стаць студэнткай Міжнароднага экалагічнага інстытута імя Сахарава.

 

Яна Чэркас, Міхалёўскі ВПК «Дзіцячы сад-школа»

Мэту атрымаць залаты медаль, як адзначыла дзяўчына, перад сабой яна не ставіла. Проста вучоба з дзяцінства давалася лёгка, захапляла, прыносіла задавальненне — чаму б і не? Асаблівую цікавасць выклікалі такія прадметы, як руская мова, замежная і матэматыка. Менавіта па іх штогод  прымала ўдзел у раённых і абласных алімпіядах. Па гэтых прадметах Яна збіраецца трымаць іспыты і падчас цэнтралізаванага тэсціравання. Марыць атрымаць эканамічную адукацыю.

— Тое, што са школай развіталіся, пакуль не верыцца, — прызнаецца дзяўчына. — Здаецца, мы проста разышліся на школьныя канікулы і ў верасні нас зноў будуць сустракаць любімыя настаўнікі… Але гэта не так. Таму ўсім аднакласнікам жадаю дасягнуць пастаўленай мэты, стаць студэнтамі, а настаўнікам — здароўя і добрых вучняў.

 Алена КАРПЕНКА. 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.