Гэта было нядаўна — гэта было даўно…
26 красавіка — трагічная дата ў гісторыі Беларусі. Менавіта ў гэты дзень 1986 года здарылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Трагедыя адбылася на ўкраінскай зямлі, але пакуты ад яе панеслі і расіяне, і беларусы. Апошнія ў асаблівасці: у зоне радыяцыйнага забруджання апынулася 3600 населеных пунктаў краіны, у тым ліку 27 гарадоў, у якіх пражывала больш за 2 млн. чалавек, прыкладна пятая частка ад ўсяго насельніцтва Беларусі. Цяпер ужо падлічана, што ў выніку Чарнобыльскай аварыі наша краіна панесла страты ў памеры 235 млрд. долараў ЗША, з родных, абжытых месцаў вымушаны былі перасяліцца больш за 137 тысяч жыхароў з 470 населеных пунктаў.
Як гэта было тады? На той час я камандаваў асобнай ротай патрульна-паставой службы ўпраўлення ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама. 27 красавіка (не 26-га) увечары, дакладна — у 22 гадзіны, па радыё ў навінах без усялякіх каментарыяў прагучала паведамленне, што ва Украіне, на Чарнобыльскай АЭС, адбылася аварыя. І толькі праз некалькі дзён, у 5.30 раніцы, мяне паднялі “па трывозе” да кіраўніцтва ўпраўлення ўнутраных спраў, дзе я атрымаў загад сфарміраваць зводны атрад з ліку добраахвотнікаў-міліцыянераў для асобай камандзіроўкі. І хоць адразу не сказалі, куды, усе мы разумелі — у зону чарнобыльскай аварыі.
У Магілёве мяне прызначылі камандзірам атрада Магілёўскага УУС, які накіроўваўся ў Нараўлянскі раён Гомельшчыны. Гэта быў першы міліцэйскі дэсант на барацьбу з нябачным, але небяспечным ворагам.
Пасля прыбыцця на месца дыслакацыі мы пасяліліся ў інтэрнаце мясцовага прафесійна-тэхнічнага вучылішча. Горад Нароўля ў спісе населеных пунктаў “на адсяленне” не значыў ся, але адчувалася напружанасць, трывога і нервознасць мясцовага насельніцтва.
Мы адразу ж прыступілі да нясення службы па ахове грамадскага парадку, захаванасці маёмасці грамадзян ад марадзёраў, што квапіліся на чужое. А ахоўваць было што: людзі, якія адсяляліся першымі, былі ўпэўнены, што праз дзень-два, найбольш — тыдзень, вернуцца дамоў, таму з сабой бралі толькі самае неабходнае. Між тым, атрымалася, што адсяляліся надоўга, а ў большасці — назаўжды…
Работнікам міліцыі даводзілася змагацца не толькі з хапугамі і злодзеямі, але і з радыяцыйным забруджаннем. Кожны з нас рызыкаваў жыццём, хоць ведалі: знаходжанне ў зоне забруджання — страта здароўя. Але з поўнай адказнасцю магу сказаць, што ніхто з нас ні разу не выказаў незадавальнення сваім становішчам, не тое, каб пакінуць службу. Гэта цяпер здаюцца пафаснымі выразы аб абавязку і адказнасці, але так было на самой справе. Нас ніхто не вымушаў, мы самі напісалі рапарты ў свае раённыя аддзелы ўнутраных спраў з просьбай пералічыць заробак на ліквідацыю наступстваў аварыі.
Сярод сотняў людзей, якія накіраваліся ў забруджаныя радыяцыяй раёны Гомельшчыны, былі і працаўнікі нашага раёна: механізатары, дарожнікі, будаўнікі. Усіх нас аб’ядноўвала адно — пачуццё з’яднанасці перад небяспекай для роднай зямлі. І я сёння ўдзячны 32-м жыхарам нашага раёна, якія ўступілі ў барацьбу з нябачным, але каварным ворагам адразу пасля аварыі і 33-м вяскоўцам, якія ў 1988-1989 г.г. ліквідавалі наступствы аварыі і аднаўлялі жыццё на пакінутых землях. Усім вам здароўя, шаноўныя, і бадзёрасці духу.
Віктар ДЗЕДУШКІН, старшыня раённага Савета ветэранаў, маёр міліцыі запасу.
Фота Валянціны МІЛОХІНАЙ.