Добрае насенне — да добрага ўраджаю
Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання, насення яравых зерневых культур, прычым, кандыцыйнага, у раёне маецца ў дастатковай колькасці. Сельгасарганізацыі, якія маюць у тым патрэбу, гэтым часам набываюць элітнае насенне ў СВК “Гігант”, “Калгас імя Дзяржынскага”, у сялянска-фермерскіх гаспадарках “Дзіана” і “Канстанцін”.
Што да структуры пасяўных плошчаў, то яна сёлета некалькі розніцца ад леташняй. Азімых зерневых пасеяна на 2 тысячы, а азімага рапсу — на адну тысячу га болей, чым у мінулым годзе. З улікам таго, што азімыя сёлета нядрэнна перазімавалі, ёсць спадзяванне на іх добры ўраджай. Болей, чым у мінулым годзе (на 1 тысячу га), сёлета будзе пасеяна і кукурузы. А вось яравой пшаніцы, наадварот, пасеюць меней: па ўрадлівасці глеба для гэтай культуры падыходзіць не ўсюды.
З-за дарагавізны насення мнагалетніх траў і адсутнасці ў раёне насеннікаў траў пастаўлена задача пасеяць мнагалетнія травы на плошчы 1080 га менавіта для насенных мэт.
Алена КАРПЕНКА.