З Зімой развітваліся, прыгажуню Вясну сустракалі

У нядзелю ля Каменскага сельскага Дома культуры было наладжана святкаванне Масленіцы — аднаго з самых радасных і светлых народных святаў. На гулянне сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, але і сяляне з навакольных вёсак, прадстаўнікі раённай і мясцовай улады. Каб свята стала па-сапраўднаму запамінальным і ўражлівым, шмат зрабілі супрацоўнікі Каменскага ДК (на чале са сваім дырэктарам Аленай Бодык) і раённага цэнтра культуры і вольнага часу.

 

Да адзінаццаці раніцы сюды сцякаліся людзі розных узростаў, як кажуць, “ад мала да вяліка”. Адны, па іх словах, жадалі сваімі вачамі дакрануцца да невычэрпнай крыніцы беларускага народа — яго традыцый і абрадаў, іншыя прыйшлі, каб проста прыемна адпачыць, сустрэцца са знаёмымі, а ўвогуле — усе жадалі цікава і змястоўна правесці свой вольны час. Тут жа працавалі палаткі Бабруйскага райспажыўтаварыства, у якіх можна было набыць розныя пачастункі і, канечне ж, паспытаць бліноў, — бо якая ж без іх Масленіца. Ля святочнай пляцоўкі размясцілася і палявая кухня райспажыўтаварыства, ужо здалёк ад якой разносіліся прыемныя страўныя пахі — тут гатаваліся каша і ўха. Апетытна пахла і араматнымі шашлычкамі.

Народнымі песнямі распачалі святочную праграму гаспадары мерапрыемства — удзельнікі мастацкай самадзейнасці мясцовага ДК, прадстаўнікі добра вядомага на Бабруйшчыне вакальнага ансамбля “Жартаўніцы” (мастацкі кіраўнік — Наталля Амос). На сцэнічнай пляцоўцы каменскіх спевакоў змяняе народны фальклорны ансамбль “Пярэзвы” на чале з іх кіраўніком Валянцінай Грыгор’евай. Чароўныя, мілагучныя і моцныя галасы спявачак і спевакоў у спалучэнні з заліхвацкай вясёлай музыкай прыўзнімаюць усім настрой. Затым увагу прысутных прыцягвае тэатралізаванае дзеянне, у аснову якога лягла ўсім вядомая казка “Снягурка”. Тут і казачныя дзед з бабаю, і іх унучка Снягурка, і Зіма, і прыгажуня Вясна і іншыя персанажы, з выкананнем роляў якіх цудоўна справіліся самадзейныя артысты. У дзеянне актыўна прыцягваліся і гледачы…

І, нягледзячы на не вельмі спрыяльнае надвор’е, якое ўсё ж ўнясло некаторыя карэктывы ў ход святочнай праграмы, твары прысутных застаюцца вясёлымі. Многія, увогуле ўжо прывычныя да капрызаў і сюрпрызаў надвор’я, здаецца, нават і не звярталі ўвагі на мокры сняжок, які церушыў зверху.

Самых малодшых удзельнікаў свята прываблівала да сябе снежная горка, якая, “дзякуючы” плюсавой тэмпературы паветра, значна зменшылася. Але ж дзетвара з вясёлым смехам коўзалася з яе. Моладзь і падлеткі з задавальненнем прымалі ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, арганізаваных работнікамі раённага аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму. Тут кожны жадаючы мог памерацца з іншымі ў сіле, лоўкасці і хуткасці, а за сваю перамогу атрымаць салодкі прыз. А што тычыцца больш важкіх прызоў, то за імі трэба было зелезці на высокі слуп, які на гэты час яшчэ зрабіўся  слізкім ад мокрага снегу. Але і тут справа не стала, — знайшліся ўдальцы, у руках якіх хутка аказаліся гэтыя самыя прызы.

Шмат жадаючых было пакатацца на кані, запрэжаным ў прыбраную павозку. Разам са сваімі малышамі ў павозку садзіліся і некаторыя з бацькоў, — вядома ж, што для тых, хто нарадзіўся і жыве ў горадзе, такое катанне — сапраўдная экзотыка.

А вось і сама гаспадыня Масленіца, і, вядома ж, не з пустымі рукамі, а з блінамі смачнымі, масленічнымі. Яна з задавальненнем запрашае пачаставацца імі ўсіх гасцей.

Кульмінацыяй усяго свята стала спальванне на вогнішчы саламяннага пудзіла Зімы, якое агонь хутка знішчыў пад гучныя апладысменты, радасныя выкрыкі і вясёлыя карагоды прысутных. Ды і як не радавацца, калі наперадзе — красуня Вясна з яе чароўным прыродным хараством: бульканнем ручаёў, шчэбетам птушак, водарам зялёных траў і першых лугавых кветак. А яшчэ — з новымі клопатамі аб будучым ураджаі, і нялегкай, але натхненай і радуючай душу кожнага селяніна, здзяйсняльнай працай.

 Людміла ПІСАРАВА.

Фота Дзмітрыя Бегуновіча

 і Людмілы ПІСАРАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.