У новы год з радасным настроем
Напружанымі былі пераднавагоднія дні для работнікаў культуры раёна. Пачынаючы ўжо з 23 снежня ва ўсіх клубных установах ладзіліся святочныя мерапрыемствы для дзяцей, моладзі і дарослых.
Нягледзячы на розныя сцэнарыі і формы: ранішнікі, вечарыны, навагоднія “агеньчыкі”, усе яны мелі адну і тую ж мэту — падараваць выдатны настрой вяскоуцам. Жыхароў вёскі Кавалі і навакольных у мясцовым сельскім Доме культуры ў адзін з пераднавагодніх дзён сабрала святочная вечарына “Дзед Мароз усміхаецца”. У Гарохаўскім СДК для дарослых прайшла надзвычай цікавая праграма з тэатралізаванай пастаноўкай і гульнямі. Некаторыя сельскія ўстановы культуры, да таго ж, запрасілі напярэдадні Новага года да сябе ў госці цырк з тэатралізаванай праграмай. Ну а непасрэдна ў навагоднюю ноч ва ўсіх клубных установах прайшлі святочныя дыскатэкі з забаўляльнымі праграмамі, навагоднімі віншаваннямі, ўсемагчымымі конкурсамі, з Дзедам Марозам і Снягуркаю.
Алена КАРПЕНКА.