У райвыканкаме

Рабочую нараду ў гэты панядзелак старшыня райвыканкама Міхаіл Шалкоўскі пачаў з абмеркавання пытанняў сельскай гаспадаркі. Аб справах у гэтай галіне далажыў першы намеснік старшыні, начальнік райсельгасхарчу Валерый Сяргейчык, які, у прыватнасці, адзначыў, што няўбранымі на раніцу панядзелка засталіся кукуруза на зерне і нязначная колькасць цукровых буракоў. Падыходзіць да заканчэння падняцце зябліва. Сярод гаспадарак, якія  праявілі актыўнасць у гэтым відзе работ, філіялы «Варатынь» РУП «БЗ ТДіА», «Харчавік-Агра» ААТ «Чырвоны харчавік», ААТ «Саўгас Кісялевічы», Бабруйскае ААТ «Аграмашсервіс» і БТАА  «Амега-Люкс». Хужэй справы з ворыўнымі работамі абстаяць у СВК «Стасеўка» і ТДА «Птушкафабрыка Вішнёўка». Што да нарыхтоўкі арганічных угнаенняў, то вывазкай апошніх на палі і ўнясеннем іх у глебу займаюцца літаральна ва ўсіх сельгасарганізацыях. Спыніўшыся ў дакладзе на сёлетняй ураджайнасці культур, Валерый Сяргейчык адзначыў, што клубняў бульбы з аднаго круга найбольш накапалі ў СВК “Гігант” — 506 ц, лідэрам па ўраджайнасці цукровых буракоў прызнаны СВК «Калгас імя А. Неўскага» — 562 ц/га. Тэхналогіі вырошчвання дадзеных культур у гэтых сельгасарганізацыях, па словах начальніка райсельгасхарчу, добра было б павучыцца тым, дзе ўраджайнасць значна ніжэйшая. 

Аб выніках работы раённых кірмашоў па продажы сельгаспрадукцыі ў мінулыя выхадныя дні давяла на планёрцы намеснік старшыні райвыканкама Тамара Рудая. Яна паведаміла, да таго ж, што Бабруйскаму райспажыўтаварыству і СВК «Гігант»”, якія прынялі ўдзел у рэспубліканскім сельгаскірмашы ў Мінску (у днях Магілёўскай вобласці), аб’яўлена Удзячнасць ад абласнога выканаўчага камітэта.

Аддзел эканомікі райвыканкама, як адзначыла Тамара Рудая, на мінулым тыдні займаўся ў тым ліку і маніторынгам гандлёвых кропак раёна. Усяго іх было праверана 49. У некаторых выяўлены прадукты з пратэрмінаваным тэрмінам рэалізацыі. У сувязі з гэтым  райспажыўтаварыству ўказана на неабходнасць правядзення тлумачальнай работы з гандлёвымі работнікамі па недапушчэнні падобных фактаў у далейшым.   

Не абыйшлі на планёрцы і пытанні, звязаныя з ацяпляльным перыядам, у прыватнасці, забяспечанасці насельніцтва дровамі. На гэты час, як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кісель, у чарзе на іх набыццё ў пераважнай колькасці тыя з грамадзян, хто падаў заяўку на працягу кастрычніка.

Асобным пунктам на планёрцы вялося абмеркаванне стану злачыннасці на тэрыторыі раёна і ў асаблівасці крадзяжоў. Як паведаміў начальнік штаба Бабруйскага РАУС Васіль Арцёмаў, з 16-ці зарэгістраваных на мінулым тыдні злачынстваў 13 менавіта крадзяжы, сярод якіх — і дзяржаўнай уласнасці. Між тым, як было адзначана, рэйдавыя праверкі паказваюць, што ў асобных арганізацыях па-ранейшаму да пытанняў захавання маёмасці адносяцца не належным чынам. Паўздзейнічаць на сітуацыю, па словах кіраўніка раёна, можна толькі шляхам спагнання з асоб, адказных за арганізацыю аховы маёмасці, грашовых сродкаў у памеры страчанага. Што датычыцца крадзяжоў з уласных падворкаў, то тут, па словах старшыні райвыканкама, асноўную стаўку трэба рабіць на ўзмацненне прафілактычнай работы ўсімі зацікаўленымі службамі, у тым ліку і пасродкам СМІ.

Аб рабоце, якая праводзіцца па добраўпарадкаванні тэрыторыі, далажылі на планёрцы старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Баркоўскі, галоўны санітарны ўрач раёна і г. Бабруйска Валянціна Парахневіч, намеснік начальніка гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Гайдучык. 

У завяршэнне планёркі старшыня райвыканкама Міхаіл Шалкоўскі прадставіў прысутным в.а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Івана Салаўя і пажадаў новаму лідэру раённай моладзі плённай працы на гэтай ніве.

Алена КАРПЕНКА.  

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.