“Залатая восень” была шчодрай

Кірмаш“Залатая восень” па продажы сельгаспрадукцыі на вуліцы Чангарскай у гэтую суботу быў асабліва людным. Гэтаму пасадзейнічалі не толькі багаты асартымент прадукцыі (розных відаў гародніна, садавіна, мяса, зерне), якую паставілі сельгаспрадпрыемствы, сялянска-фермерскія гаспадаркі і райспажыўтаварыства (гародніна, прадукцыя ўласнай вытворчасці, прамтавары), але і недарагая на яе цана. А таксама выплачаная на гэтыя мэты аднаразовая грашовая дапамога. Да таго ж, нельга не браць у разлік выдатнае надвор’е — суботні дзень выдаўся на дзіва цёплы, сонечны, і прыўзняты настрой пакупнікоў і прадаўцоў ад цудоўных галасоў выканаўцаў: самадзейных калектываў Цэнтра культуры і вольнага часу раёна.

 

Не змяншалася чарга да гандлёвай кропкі
СВК «Калгас імя Дзяржынскага»

Шырокі асартымент прадукцыі райспажыўтаварыства прывабліваў пакупнікоў

Бульбы — на ўсе пяцьсот!

«Чапурушачкі» не стамляліся весяліць наведвальнікаў кірмашу

Цяжка сказаць, які з відаў сельгаспрадукцыі карыстаўся ў гэты дзень  найбольшым попытам. Адны неслі ці везлі бульбу (дарэчы, яе кошт на кірмашы быў 1200 рублёў за 1 кг), другія — капусту, трэція назапашваліся на зіму буракамі, морквай, цыбуляй. Праяўлялі актыўнасць гараджане і ў жаданні набыць свежую рыбу, мёд, журавіны, саджанцы дрэў і кустоў.

Да прылаўка, дзе гандлявалі работнікі СВК “Калгас імя Дзяржынскага”, цяжка было нават падступіцца: адны, задаволеныя пакупкамі, адыходзілі, другія  тут жа дапаўнялі чаргу. Літаральна “на хаду”, ні на хвіліну не адрываючы вачэй ад вагаў, дзе месціліся сеткі з буракамі, галоўны эканаміст гаспадаркі Алена Пацыенка паведаміла, што “гандаль ідзе бойка, цікавяцца ўсім і настрой ад гэтага выдатны”. 

На нашыя запытанні ў тых, хто ўжо набыў прадукцыю, чаму для гэтых мэт выбралі менавіта кірмаш, адказы атрымлівалі прыкладна аднолькавыя: “Цана ніжэй, чым дзе, і на выгляд прывабная”. Пры гэтым гараджане выказвалі словы падзякі вытворцам за якасную, недарагую прадукцыю, і арганізатарам кірмашу — за магчымасць яе набыць. А дзве бабулі з поўнымі мяхамі цыбулі, да якіх мы звярнуліся напрыканцы сваёй вандроўкі па кірмашы, да таго ж, надта прасілі перадаць словы падзякі яшчэ і Прэзідэнту краіны за тое, што паклапаціўся выдзеліць на набыццё гародніны грошай.

“Залатая восень” — не апошні кірмаш па продажы сельгаспрадукцыі, запланаваны на кастрычнік. Так што, калі вы яшчэ без садавіны, гародніны, зерня і іншай прадукцыі, на якую кірмашы багатыя, абавязкова сюды завітайце. 

Алена КАРПЕНКА.

Фота Алены БРАІЛІЦЫ. 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.