З агарода — да прылаўка
Гаспадаркі раёна завяршылі ўборку азімага рапсу і прыступілі да масавага жніва збожжавых і зернебабовых культур. Разам з тым некаторыя з іх зараз вядуць уборку ранняй агародніны — гэта вытворчае сельгасаддзяленне Бабруйскага ТАА “Амега-Люкс” і ААТ “Саўгас Кісялевічы”.
На адкрытым агародзе ў першай з гэтых сельгасарганізацый ужо ўбрана 1 гектар ранняй капусты і 0,4 гектара сталовых буракоў, апрача таго — столькі ж ранняй бульбы. Кісялевіцкія агароднінаводы, акрамя названых культур, прыступілі таксама да ўборкі сталовай морквы — яе карані тут выкапаны ўжо з плошчы 0,5 гектара.
Ранняя агародніна разам з маладой бульбачкай з гэтых гаспадарак зараз паступае ў крамы і іншыя гандлёвыя кропкі. Яна мае добры попыт у пакупнікоў. Любая гаспадыня жадае з густам абставіць свой абедзенны стол, які заўсёды зможа ўпрыгожыць толькі свежая агародніна.
Міхаіл ВЕРАСОЎСКІ.