Урокі Чарнобыля

Чарнобыльская катастрофа адзначана спецыялістамі як буйнейшая за ўсю гісторыю ядзернай энергетыкі як па колькасці загінуўшых і пацярпелых ад яе наступстваў, так і па эканамічных стратах. Ліквідацыя наступстваў аварыі патрабавала велізарнай для мірнага часу мабілізацыі сіл і сродкаў з прыцягненнем для работ у зонах высокага радыёактыўнага забруджвання больш за 200 тысяч грамадзянскіх спецыялістаў, ваеннаслужачых і ваеннаабавязаных. Гэта гераічная самаадданая праца ў перыяд з красавіка 1986 года па снежань 1990-га дазволіла папярэдзіць яе глабальныя наступствы.

Дэкада, прысвечаная 25-годдзю аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі 26 красавіка 1986 года, крочыць па ўсёй краіне.  Гэты “чорны” юбілей адзначаецца і ў Ленінскім ВПК «Дзіцячы сад-АСШ». Нашы дзеці не памятаюць тых падзей — яны нарадзіліся пасля катастрофы. Відаць, і не зусім разумеюць прычыну той небяспекі, што прынесла аварыя на АЭС 25 год таму, як не ведалі і не разумелі тады яе мы, дарослыя. Але нельга, каб мы зыбываліся на боль народа, чорны боль. 16 красавіка малодшы навуковы супрацоўнік Бабруйскага раённага гісторыка-краязнаўчага  музея М.Г. Малчанава адкрыла дэкаду ў нашай школе лекцыяй. Дзеці даведаліся пра сутнасць нябачнай шкоды, маштабы трагедыі. Выступаючая акрэсліла асноўныя праблемы, якія стаяць перад беларускім народам, прапанавала зборнік твораў нашых землякоў, прысвечаны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС.  Расказ суправаджаўся мультымедыйнай прэзентацыяй. Школьнікі ўбачылі на карце Беларусі зону, забруджаную радыёнуклідамі. Увага таксама была звернута на тое, што                распачаць пабудову новай АЭС у Беларусі плануецца ў экалагічна чыстай зоне паблізу г. Астраўца. Ці з’яўляецца правільным такі выбар дзяржаўных дзеячаў? Задумацца пра гэта прапанавала школьнікам малодшы навуковы супрацоўнік музея.

З нагоды 25-годдзя чарнобыльскай катастрофы вучні вырашылі пасадзіць алею памяці ля школьнага двара. Маладыя дрэўцы,  прынесеныя школьнікамі, высадзілі старшакласнікі. Прымацавана таблічка з надпісам.

У кожным класе прайшлі інфармацыйныя гадзіны “Рэха Чарнобыля”. Для малодшых школьнікаў экалагічную гульню правяла педагог-арганізатар В.П. Колас, старэйшыя прагледзілі дакументальны фільм, прапанаваны настаўнікам хіміі і біялогіі І.М. Русак, у якім паказаны рэальныя падзеі, гістарычныя факты і наступствы трагедыі. Школьны бібліятэкар В.С. Помазава правяла выставу-прэзентацыю “Чарнобыль у творах пісьменнікаў”. Традыцыйнымі і цікавымі формамі работы для школьнікаў ў бягучым годзе сталі дэбаты, брэйн-рынгі. Вучні атрымалі вялікі  аб’ём інфармацыі, таму некаторыя пытанні многім падаліся спрэчнымі. Вырашана правесці дэбаты для старшакласнікаў “АЭС. Астравец. Мой выбар.”

Разам з тым, урокі, звязаныя з гуманітарнымі наступствамі аварыі,  яшчэ  чакаюць свайго асэнсавання. Гэтыя ўрокі жыцця, асабліва трагічныя,  трэба ведаць і  памятаць, каб яны не паўтарыліся зноў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.