Брыгада Леаніда Матлаха — пераможца спаборніцтва

У ліку пераможцаў раённага спаборніцтва па выніках работы за 2010 год, ушанаванне якіх адбылося ва ўрачыстых абставінах напрыканцы лютага, значылася і брыгада майстара электрычных сетак Л.М. Матлаха. Брыгадзе прысуджана прызавое месца, на ўрачыстасці яе ўзнагародзілі Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта і грашовай прэміяй.

На запытанне, у чым сакрэт перамогі, Леанід Мікалаевіч адказаў без прамаруджвання:

— У людзях. У іх сумленнасці і адказным падыходзе да справы, якой сябе прысвяцілі і якой штодня займаюцца. Калектыў у нас хоць і невялікі, але гадамі працы выпрабаваны, і з упэўненасцю магу сказаць, што выпадковых людзей у нас няма. Сваю работу ўсе ведаюць дасканала і ніхто не імкнецца перакласці на іншага, каб зрабіць палёгку сабе.

Акрамя майстара ў складзе глушанскай брыгады электрычных сетак працуюць чатыры манцёры: С.В. Балаханаў, В.Р. Храмеля, А.С. Ажгірэвіч, У.А. Сцепановіч і вадзіцель А.У. Паддубны. Задача брыгады — абслугоўванне размеркавальных сетак 0,4-10 кв: выкананне тэрміновых і капітальных рамонтаў паветраных ліній электраперадач. Работа нялёгкая, звязаная з небяспекай, але калектыў спраўляецца, прытым, так, што адзначаны на раённым узроўні. 

Сам Леанід Мікалаевіч — прафесіянал у сваёй справе. І таму, што змалку марыў аб прафесіі, і таму, што аддаў ёй больш за два дзесяткі год. Прыйшоў у арганізацыю ў 1989 годзе адразу пасля заканчэння электрамеханічнага аддзялення Магілёўскага саўгастэхнікума. З жонкай Наталляй выгадавалі двух сыноў, якія цяпер студэнты сталічных ВНУ, гонар і надзея сям’і. Тое, што дзеці не абралі бацькаву прафесію, Леаніда Мікалаевіча не засмучае: кожны павінен ісці сваёй дарогай. Галоўнае, каб яны былі сумленнымі і працавітымі людзьмі. А гэтаму, вядома, хлопцам ёсць у каго павучыцца.  

Алена КАРПЕНКА.

Фота Дзмітрыя БЕГУНОВІЧА. 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.