“Шкада, што мне не 20 год…”

Таццяна ПЕТУХОВА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Глушанскага ВПК «Дзіцячы сад-САШ»:

— Да гэтага часу я яшчэ знаходжуся пад уражаннем ад значнай падзеі, у якой мне давялося ўдзельнічаць. І вельмі ўдзячна жыхарам раёна і, у прыватнасці, роднаму калектыву за тое, што вылучылі мяне дэлегатам 4-га Усебеларускага народнага сходу, даверылі быць прадстаўніком іх інтарэсаў на такім вялікім форуме. Прызнаюся, прыемна было адчуваць сябе ў ліку 2 500 дэлегатаў, якім грамадства даручыла агучыць самыя актуальныя праблемы і пытанні сучаснасці.

Вялікае ўражанне атрымала ад выступлення Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, у якім ён не толькі адзначыў дасягненні краіны за мінулую пяцігодку, але і назваў недахопы, якіх мы ўсе разам павінны пазбавіцца ў кароткія тэрміны, акрэсліў перспектывы развіцця Беларусі, як самастойнай незалежнай краіны. Мне вельмі імпануе маштабная стратэгічная мэта, агучаная Прэзідэнтам на наступную пяцігодку: Беларусь павінна ўвайсці ў лік 50-ці краін свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу. Кіраўніком краіны былі вылучаны 5 асноўных састаўляючых, якія вызначаюць узровень і якасць жыцця людзей: паўнацэнная сям’я, здароўе, адукацыя, рэальныя даходы і камфортнасць пражывання. Лідэр краіны падкрэсліў, што дзяржава павінна клапаціцца аб тым, каб усе гэтыя састаўляючыя ўзняць на больш высокі ўзровень.

Вядома ж, мяне як настаўніцу больш клапоціць, што робіцца ў нашай краіне ў галіне адукацыі. Значным поспехам з’яўляецца тое, што забяспечана раўнадаступнасць вышэйшай адукацыі і справядлівасць пры паступленні ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя вучэбныя ўстановы для ўсіх абітурыентаў — як з гарадоў, так і з вёсак. Вялікі плюс, што ў Беларусі не толькі захавалася, але і паднята на новы ўзровень прафесійна-тэхнічная адукацыя. А, вядома ж, як адзначыў Прэзідэнт, калі няма рабочага чалавека, няма і эканомікі.

Мяне парадавала, што ў ліку першачарговых задач у сферы адукацыі Аляксандр Лукашэнка назваў змяненне структуры падрыхтоўкі спецыялістаў, зыходзячы з патрэб грамадства. Таксама будзе разгледжана пытанне аб павелічэнні матэрыяльнай дапамогі навучэнцам і студэнтам, на ўвазе — больш поўнае забеспячэнне іх інтэрнатамі і паляпшэнне ўмоў пражывання ў іх. Прэзідэнт даручыў ураду краіны прапрацаваць пытанне аб льготным праездзе для школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў. Гэта будзе з’яўляцца значнай матэрыяльнай падмогай для многіх сем’яў, асабліва для тых, дзе дзеці займаюцца ў розных кружках і секцыях, і ім даводзіцца па некалькі разоў у дзень карыстацца грамадскім транспартам.

Работа ўдзельнікаў сходу была вельмі насычанай і ў другой палове дня. Калі працавалі па секцыях, мне давялося ў ліку прадстаўнікоў адукацыі пабываць у Акадэміі навук, дзе перад намі выступілі вучоныя, якія пазнаёмілі нас з дасягненнямі ў генетыцы, фізіцы і іншых галінах навукі. Мне вельмі да спадобы прыйшлася прапанова прадстаўнікоў акадэміі наладзіць сувязь са школамі. Яны запрашалі нас прывезці вучняў да іх на экскурсію. Пастараюся ў бліжэйшы час здзейсніць гэтую прапанову з вучнямі сваёй школы. Я думаю, што ім будзе цікава пабываць у лабараторыях і навуковых залах акадэміі, пазнаёміцца з вучонымі і з іх вуснаў пачуць, як развіваецца наша навука.

Другі дзень народнага сходу быў таксама насычаным, ён быў прысвечаны абмеркаванню даклада Прэзідэнта аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2006-2010 гадах і прыарытэтах на будучую пяцігодку. Магчымасць выказаць сваю думку мелі дэлегаты ўсіх рэгіёнаў, вядучых галін народнай гаспадаркі і важнейшых сфер грамадства, прычым, незалежна ад іх сацыяльнага статусу: ад простага рабочага, студэнта да кіраўніка магутнага прамысловага прадпрыемства і губернатара вобласці.

На сходзе адбылася дзелавая размова аб важнейшых пытаннях жыцця краіны і грамадства. Дэлегаты далі аб’ектыўную адзнаку зробленаму ў адыходзячай пяцігодцы. Намечаны асноўныя накірункі, прыарытэтныя задачы і аптымальныя шляхі іх вырашэння, прыняты праграмныя дакументы на наступныя пяць год. Патэнцыял для намечанага ў нас ёсць, а якімі тэмпамі намечанае будзе вырашацца, залежыць ад укладу кожнага з нас у гэтую справу. Ад таго, як мы з вамі будзем яе рабіць на сваіх працоўных месцах, а яшчэ, як падкрэсліў кіраўнік краіны, ад узаемнай адказнасці ўлады перад народам і народа перад уладай.

Аб адным толькі магу гаварыць з жалем: шкада, што мне не 20 год. Я з пачуццём добрай зайздрасці гляджу зараз на нашу моладзь, перад якой адкрываюцца вялікія жыццёвыя перспектывы.

Запісала Людміла ПІСАРАВА.

Фота Дзмітрыя БЕГУНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.