Планёрка ў райвыканкаме
Планёрку ў райвыканкаме для кіраўнікоў устаноў і арганізацый раёна, старшынь сельскіх саветаў, а таксама начальнікаў аддзелаў райвыканкама ў гэты панядзелак правяла намеснік старшыні райвыканкама Тамара Рудая. Звяртаючыся да кіраўнікоў, яна завастрыла ўвагу на неабходнасці неадкаладна прадставіць у аддзел эканомікі праграму развіцця арганізацый на наступную пяцігодку. На кантролі, па словах намесніка старшыні, і выплата заработнай платы, якая за лістапад, у сярэднім па раёне, павінна скласці не меней за 300 долараў ЗША. Прычым, выплату апошняй неабходна забяспечыць да 27 снежня. Прысутным было нагадана з усёй адказнасцю падыйсці да выканання прагнозных паказчыкаў за снежань, якія ў многім вызначаць паказчыкі за год.
Робячы справаздачу аб стане сельскагаспадарчых спраў, першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Мікалай Гертман адзначыў, што асноўная ўвага раслінаводаў гэтым часам скіравана на нарыхтоўку і вывазку на палі арганічных угнаенняў. З гэтай мэтай у раёне працуе 6 атрадаў. Праблемы, якія з-за маразоў узніклі на асобных малочна-таварных фермах, вырашаны. Між тым валавы надоў у цэлым па раёне на пачатку тыдня склаў 99 працэнтаў. Шэраг гаспадарак мінулагодняга малака не дасягнулі. Сярод іх філіял “Варатынь” РУП “БЗТДіА”, філіял “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік”, УКСП “Саўгас “Кісялевічы”, ААТ “Агракамбінат “Бабруйскі”. Каб выправіць сітуацыю, а выпраўляць яе неабходна абавязкова, павінен быць, па словах Тамары Мікалаеўны, больш жорсткі кантроль за працэсам вытворчасці ў першую чаргу з боку адказных за жывёлагадоўлю спецыялістаў райсельгасхарчу.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Носава агучыла пераможцаў раённых спаборніцтваў па валейболе і нагадала аб правядзенні спаборніцтваў па шашках, заяўкі для ўдзелу ў якіх неабходна падаць у бліжэйшыя дні. Таксама Святлана Носава акцэнтавала ўвагу прысутных на пытанні падрыхтоўкі да выбараў Прэзідэнта РБ. У прыватнасці было адзначана, што з 3 снежня пачалі працаваць участковыя камісіі. Для агітацыйнай работы кандыдатам у прэзідэнты вызначаны месцы, часцей за ўсё — клубныя ўстановы. На гэтым тыдні пройдзе семінар-вучоба для назіральнікаў.
Асобным пунктам на планёрцы стаяла пытанне асваення суб`ектамі гаспадарання вылучаных на гэты год сродкаў. Крытыцы падвергліся асобныя з сельсаветаў, дзе грошы не асвоены, а работы шмат, і будаўнічыя арганізацыі. Што тычыцца заключэння дагавораў з насельніцтвам на вываз цвёрдых бытавых рэшткаў, то, па словах начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Галіны Міргародскай, на сёння гэтая работа выканана на 95 працэнтаў, а да канца года будзе цалкам завершана.
Аб праведзенай на мінулым тыдні рабоце далажылі на планёрцы прадстаўнікі экалагічнай і санітарнай служб. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Баркоўскі закрануў пытанне ачысткі дарог ад снегу. Каб не дапусціць нараканняў з боку жыхароў, каб не ўзнікала перабояў з графікам работы аўталавак, іншай тэхнікі, гэтая работа, па словах Леаніда Баркоўскага, павінна быць і адпаведна наладжана.
Аб учыненых на мінулым тыдні злачынствах і правапарушэннях, а таксама рабоце па іх папярэджанні, далажыў на планёрцы начальнік штаба Бабруйскага РАУС Васіль Арцёмаў.
Алена КАРПЕНКА.