У райвыканкаме
Першым пытаннем планёркі, якую ў панядзелак на гэтым тыдні правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Шалкоўскі, быў ход палявых работ. Выступаючы па ім, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Валерый Сяргейчык адзначыў, што асеннія работы на палях у стадыі завяршэння. У прыватнасці бульба на раніцу панядзелка заставалася няўбранай на 5 працэнтах плошчаў, да канца тыдня ўраджай другога хлеба плануецца ўбраць цалкам.
Завершана ўборка кукурузы на зерне, пры гэтым найвышэйшы паказчык ураджайнасці ў СВК “Гігант” — 75 ц/га, самы нізкі — у ТДА “Птушкафабрыка “Вішнёўка”. Цукровыя буракі ўбіраюць чатыры гаспадаркі, у ААТ “Аграмашсервіс” ужо завяршылі. З накапаных болей за 6 тысяч тон клубняў 4 былі прададзены дзяржаве. Ворыўныя работы таксама набліжаюцца да завяршэня: на пачатак тыдня зябліва было паднята 67 працэнтаў плошчаў. Адначасова пад яго ўносяцца калійныя ўгнаенні і арганіка. Гародніны было ўбрана 54 працэнты ад задання, да канца тыдня і яе плануецца ўбраць. Закранаючы пытанне жывёлагадоўлі, было адзначана, што не ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай фермаў да зімы, на канец мінулага тыдня былі зняты, між тым уся жывёла пераведзена на зімне-стойлавае ўтрыманне і харчуецца па зімніх рацыёнах. Міхаіл Шалкоўскі, падводзячы вынікі абмеркаванага, указаў на неабходнасць паскорыць уборку бульбы, цукровых буракоў, гародніны, а таксама работы, звязаныя з падрыхтоўкай ферм.
Па выніках 9 месяцаў года ў раёне з даведзеных паказчыкаў не выканана 4, — паведаміла на планёрцы намеснік старшыні райвыканкама Тамара Рудая, — гэта “валоўка”, прыцягненне інвестыцый, увод у эксплуатацыю жылля, аддзелам культуры — пазабюджэтная дзейнасць. Кіраўнік раёна назваў гэтую сітуацыю “нікуды не вартай” і папярэдзіў, што тыя з кіраўнікоў, хто яе дапусціў, будуць трымаць адказ на пасяджэнні райвыканкама. Тамара Рудая, акцэнтуючы ўвагу на пытаннях выплаты заработнай платы, нагадала, што апошняя павінна быць выплачана да 25 кастрычніка і ніяк не пазней.
Аб найболей значных пытаннях сацыяльна-культурнай сферы далажыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Носава. Было адзначана, што гэтымі днямі працягваецца работа ініцыятыўных груп па зборы подпісаў для вылучэння прэтэндэнтаў у кандыдаты на пост прэзідэнта краіны. Подпісы перадаюцца ў раённую выбарчую камісію. Пачынаецца састаўленне спісаў з ліку жыхароў раёна, якія маюць права галасаваць. Было адзначана таксама, што ў раёне ўжо праводзяцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня маці. З мэтай засцерагчы калектывы работнікаў, у тым ліку сельгасарганізацый, ад грыпу, праводзіцца іх вакцынацыя.
Усімі цеплакарыстальнікамі і цеплакрыніцамі раёна да пачатку ацяпляльнага сезону пашпарты гатоўнасці атрыманы, — паведаміў на планёрцы намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кісель. На канец мінулага тыдня і ў аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння, і ў жылыя дамы было пададзена цяпло.
Абмяркоўваючы пытанні добраўпарадкавання, справаздачу па якіх зрабіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Баркоўскі, кіраўнік раёна ўказаў на неабходнасць навесці парадак уздоўж чыгункі: гэта тычыцца і агароджы, і калодзежаў, большая частка якіх неабкошана, і прыпынкаў. Увогуле, па словах Міхаіла Шалкоўскага, старшыні сельсаветаў павінны з большай пільнасцю і гаспадарлівасцю адносіцца да парадку на падведамасных тэрыторыях — першымі заўважаць яго адсутнасць і, не чакаючы заўваг з боку, рэагаваць. Больш прадпісанняў у дачыненні жыхароў, якія не наводзяць чысціню вакол домаўладанняў, неабходна даваць і санітарнай службе.
Аб учыненых правапарушэннях і злачынствах, аб тым, якая работа праводзіцца раённай міліцыяй па забеспячэнні бяспекі грамадзян, далажыў на планёрцы начальнік Бабруйскага РАУС Сяргей Ільін. Нягледзячы на немалую работу, накіраваную на папярэджанне п’янства за рулём, выпадкі апошняга маюць месца, на мінулым тыдні затрыманы 4 несумленных вадзіцеляў.
Алена КАРПЕНКА.