Не даць падлетку аступіцца

Учыняючы правапарушэнне ці злачынства, падлетак, у сілу свайго ўзросту, не заўжды здольны аб’етыўна ацаніць шкоду, якую наносіць сабе ж: пастаноўка на ўлік у камісію па справах непаўналетніх, пляма на характарыстыцы, абмежаванні ў выбары прафесіі, а то і краты калоніі… Папярэдзіць усё гэта, не даць падлетку аступіцца, а калі тое ўжо здарылася — дапамагчы зноў стаць на правільны шлях — задача дарослых: бацькоў,  настаўнікаў, работнікаў зацікаўленых службаў, у тым ліку і створаных пры сельскіх выканаўчых камітэтах камісій па справах непаўналетніх.

Днямі адбылося пашыранае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, на якім, побач з іншымі, абмяркоўвалася пытанне стану злачыннасці сярод непаўналетніх за 1-е паўгоддзе сёлетняга года. Згодна вынікаў, на тэрыторыі раёна адзначана зніжэнне колькасці злачынстваў, учыненых дадзенай катэгорыяй грамадзян. Калі ў 2008 годзе за аналагічны перыяд іх было ўчынена 16, у 2009 — 9, то сёлета 8. Асобы, што здзейснілі злачынствы — непаўналетнія жыхары Брожскага, Слабадкоўскага, Бортнікаўскага, Сычкаўскага сельскіх саветаў. Брожскі сельсавет у гэтым плане, па словах намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Яўгеніі Доўнар, выклікае найбольшую заклапочанасць: трое з васьмі непаўналетніх, на чыім сумленні злачынствы, пражываюць менавіта на тэрыторыі гэтага сельсавета. Такая абстаноўка, на думку Яўгеніі Уладзіміраўны, выклікана недастатковай дзейнасцю мясцовай камісіі па справах непаўналетніх. Нягледзячы на недахопы, на якія было ўказана і пракуратурай, і камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама, работа мясцовай камісіі дагэтуль не актывізавана і не арганізавана належным чынам. Між тым, менавіта ёй адводзіцца, бадай, ці не галоўная роля ў гэтай справе, бо хто, як не суседзі, аднавяскоўцы, настаўнікі першымі заўважаюць непаладкі ў той ці іншай сям’і, у паводзінах таго ці іншага падлетка, і здольны своечасова “умяшацца”, паспрабаваць  выправіць сітуацыю, тым самым папярэдзіць непажаданую развязку.    

Калі рабіць аналіз адміністрацыйных правапарушэнняў, то з пачатку года ў параўнанні да мінулага зменшылася колькасць непаўналетніх, якія ўжывалі алкаголь (10 супраць 21-го). За дробнае хуліганства да адказнасці сёлета прыцягнута 7 непаўналетніх, што болей, чым за аналагічны перыяд (6) леташняга года.

Згодна артыкулу 9.4 — невыкананне абавязкаў па выхаванні і ўтрыманні сваіх дзяцей, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 5 бацькоў. Выклікае трывогу і тое, што ў раёне з пачатку года, згодна Дэкрэта № 18,  адабраны ў бацькоў дзевяцёра непаўналетніх. На сёння ўсе яны маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Па словах Яўгеніі Доўнар, для раёна гэта дастаткова ўнушальная лічба, якая   зноў-такі пацвярджае, што работа па папярэджанні злачынстваў і правапарушэнняў, у першую чаргу, з сем’ямі, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, а таксама ў групе рызыкі, з боку ўсіх зацікаўленых службаў яшчэ недастатковая і патрабуе актывізацыі і ўдасканалення яе форм. 

Алена КАРПЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.