Вучнёўская алімпіяда і яе вынікі
У першыя дні красавіка на базе Хімоўскага ВПК “Дзіцячы сад-САШ” прайшла раённая алімпіяда па вучэбных прадметах сярод навучэнцаў 4-9 класаў.
Удзел у алімпіядзе прынялі 235 школьнікаў, з іх 50 — вучні 4-х класаў. Усяго школьнікі атрымалі 75 дыпломаў, з якіх 14 — першай ступені, 22 — другой, 39 — трэцяй. Сярод вучняў 4-х класаў 19 дыпламантаў.
Па традыцыі, якая склалася ў апошнія гады, лепей астатніх зарэкамендавала сябе Брожская САШ, вучні якой заваявалі 12 дыпломаў (4 — першай ступені; 3 — другой; 5 — трэцяй). Значная заслуга ў такіх выніках настаўнікаў школы Н.У. Вярбіцкай (беларуская мова і літаратура) і І.Д. Нікітка (фізіка).
Нядрэнных вынікаў (па 7 дыпломаў) дасягнулі таксама вучні Міхалёўскага і Глушанскага ВПК. Тры з чатырох дыпломаў 1-й ступені, якія заваявалі навучэнцы з Міхалёва, — па англійскай мове (настаўнік В.В. Каліошка). На рахунку Глушанскага ВПК 1 дыплом першай ступені па матэматыцы (настаўнік В.А. Рысева). З настаўнікаў гэтай школы, вучні якіх стабільна дасягаюць станоўчых вынікаў, адзначаюць настаўніка біялогіі і хіміі І.І. Балаханаву і настаўніка англійскай мовы С.М. Мучнік.
Алена КАРПЕНКА.