Лёс апалены вайной

65 год год, як адгрымелі апошнія залпы Вялікай Айчыннай вайны, ахвярай якой стаў кожны трэці жыхар Беларусі. 65 год, як наш народ жыве ў міры і згодзе: не ведаюць голаду і страху смерці дзеці, не чакаюць страшэнных вестак з фронту маці і жонкі, не ідуць у бой дзевятнаццацігадовыя юнакі. Краіна развіваецца, год ад году ўсё болей расквечваюцца гарады і сёлы, насельніцтва Беларусі  занята стваральнай працай. І ўсё гэта, дзякуючы ім — непераможным і непахісным салдатам Вялікай Айчыннай, тым, хто, не шкадуючы свайго жыцця, ішоў у бой, каб здабыць нам мірнае сёння.

Перад усімі імі, чые імёны ўвекавечаны ў помніках і абелісках, хто выйшаў з крыважаднага пекла вайны жывым, але не дажыў да дзён сённяшніх, перад тымі, хто яшчэ побач і штогод у дзень 9 Мая прыносіць кветкі да магіл таварышаў-аднапалчан, —  мы нізка схіляем галовы і выказваем ім шчырыя і сардэчныя словы прызнання і падзякі.

Калі пачалася вайна, У.В. Бураку (на здымку), жыхару вёскі Малыя Бортнікі, было ўсяго 16-ць. На фронт у такім узросце, вядома ж, яшчэ не бралі. Таму, каб не трапіць на прымусовыя работы ў Нямеччыну, Уладзіміру і яго сябрам-равеснікам даводзілася хавацца, быць вёрткімі. На вайну Уладзімір Васільевіч патрапіў у 1944 годзе. Якраз тады савецкія войскі, вызваліўшы Беларусь і родную Бабруйшчыну, трымалі кірунак на Захад, у фашысцкае логава. На той час Уладзіміру Васільевічу было ўжо дзевятнаццаць, і ён з гордасцю мог прылічыць сябе да абаронцаў Айчыны.

Нягледзячы на немалы адрэзак часу, стары салдат і дагэтуль добра памятае назвы гарадоў і нават некаторых малых населеных пунктаў, праз якія даводзілася ісці, ачышчаючы зямлю ад ворага. Спачатку яго і іншых хлопцаў-равеснікаў накіравалі ў Брэст, у склад 1-га Беларускага фронту. Пасля далучылі да 2-га Беларускага фронту, пайшлі на Гродна. А яшчэ пазней армія, у якой служыў,  злучылася з 3-ім Беларускім фронтам. У яго складзе сталі трымаць кірунак на Прусію, на Кенігсберг. Уладзімір Васільевіч быў тады мінамётчыкам.

— Такім чынам, давялося паваяваць у складзе ўсіх трох беларускіх франтоў, — не без гонару дзеліцца ветэран. — А вось у Берліне не быў. Таму што нашай арміі было дадзена заданне знішчыць кенігсбергскую групіроўку войск праціўніка, чым мы і займаліся. Давялося ўсяго паспытаць. Асабліва цяжка было падчас фарсіравання ракі на працягу 13 кіламетраў. І ўсё гэта пад нясцерпны скрэжат снарадаў і бясконцыя выбухі бомб. Прызнацца, ужо і не марылі выйсці з гэтага пекла жывымі. Пашчасціла. Праўда, без раненняў не абышлося. Іх на рахунку Уладзіміра Васільевіча два. Цяпер ён інвалід 2-й групы. 

— Затое і немцу ад нас тады дасталася, — разважае ветэран. — Знішчылі мы ворага, хоць і з вялікімі стратамі з нашага боку.

У 1945-м, пасля аб’яўлення перамогі над нямецка-фашысцкай Германіяй, дамоў Уладзімір Васільевіч яшчэ не вярнуўся.

— На працягу трох год нёс службу ў радах савецкай арміі. Спачатку на Бабруйшчыне, пасля адправілі на Марачанку, польскую мяжу. Яшчэ праз некаторы час быў накіраваны ў Слуцк, затым у Брэст. З Брэста ў горад Пружаны гэтай жа вобласці, пасля — у Камянец, акурат пад Белавежскую пушчу. У родную вёску вярнуўся, як цяпер памятаю, 28 красавіка 1948 года.

Вярнуўшыся пасля дэмабілізацыі ў любыя сэрцу Малыя Бортнікі, родную вёску Уладзімір Васільевіч болей не пакінуў.

— Тут усё роднае, сваё, — гаворыць ветэран. — Тут людзі, з якімі вырас і жыццё пражыў.          

З жонкай Антанінай Рыгораўнай працавалі ў мясцовым калгасе. Яна паляводам, ён — шафёрам. Пражылі ў згодзе і павазе адзін да аднаго шмат год. Выгадавалі і далі пуцёўку ў дарослае жыццё дзецям, у якіх ужо свае сем’і.

Цяпер Уладзімір Васільевіч жыве адзін, але не скардзіцца — не прывык да гэтага стары салдат. Дый дзяржава аказвае добрую падтрымку. Наведваюцца ў дом, адкуль пайшло іх карэнне, дзеці і ўнукі. А ў дзень 9 мая Уладзімір Васільевіч Бурак, як і штогод, збіраецца прыняць удзел у святкаванні Дня перамогі, каб сустрэцца з паплечнікамі-ветэранамі і пакласці кветкі на магілы тых, каму, у адрозненне ад яго, не пашчасціла ў той вайне.

У.В. Бурак прымаў удзел у абароне Варшавы, Кенігсберга, удзельнічаў у вызваленні Беларусі, Польшчы, Германіі.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі: “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кенігсберга”, “За перамогу над Германіяй”, медалём імя Жукава, юбілейнымі медалямі, сярод якіх і “65 год перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.

Алена КАРПЕНКА.

Фота Дзмітрыя БЕГУНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.