Дэмаграфія
Як паведамілі ў аддзеле ЗАГС райвыканкама, у 2009 годзе ў раёне зарэгістравана 197 народзін (у 2008 годзе — 234) і 539 смярцей (552), заключана 123 шлюбы (91), з іх 8 — з замежнымі грамадзянамі (РФ, Украіны, Вьетнама).
Што да народзін, то дзяўчынак у 2009 годзе на свет з’явілася меней (88) за хлопчыкаў (109). Са 197 дзяцей першынцамі ў сем’ях сталі 89 дзяцей, другімі — 61, трэцімі — 31, чацвёртымі — 6, пятымі — 9, шостымі — 3. Самай маладой маці стала жанчына ва ўзросце 16 год, самай старэйшай — 44-х. Самаму маладому бацьку 19 год, самаму старэйшаму — 52. У жанчын ва ўзросце ад 18 да 30 год нарадзілася 159 дзяцей, ад 31 года да 40 — 30, болей 40 год — 4.
Найболей папулярнымі ў мінулым годзе сталі імёны Анастасія, Кацярына, Паліна, Арцём, Дзмітрый, Ілья, Сяргей.
Калі аналізаваць смяротнасць, то мужчын у 2009 годзе памерла болей (283), чым жанчын (256). Сярод мужчын да пенсійнага ўзросту (60 год) не дажылі 102, сярод жанчын (55 год) — 16. Асноўная прычына (303 чалавекі), што прывяла да смерці жыхароў раёна ў мінулым годзе, — хваробы сэрца і кровазвароту. На другім месцы (42) — анкалагічныя захворванні. Ад няшчасных выпадкаў, траўм, атручванняў памерла 34 чалавекі.
Алена КАРПЕНКА.