Купалле на Бабруйшчыне

Купалле — гэта адно з самых старажытных і прыгожых беларускіх народных свят, якое адзначалася ў ноч з 23 на 24 чэрвеня па старажытнаму стылю (з 6 па 7 ліпеня — па новаму). Прыпадала яно на летнюю пару года, на час найбольшага росквіту прыроды Беларусі, паспявання збожжа, уборкі сена і з’яўлялася любімым святам нашага народа, у тым ліку і на Бабруйшчыне. Асабліва падабалася купальскае свята сельскай моладзі.

Купалле вядома з часоў язычніцтва. Яно бытавала і бытуе цяпер не толькі ў беларусаў, але і многіх іншых народаў Еўропы. Але ў кожнага народа гэта свята мае свае асаблівасці. Купальскі цырыманіял з’яўляўся здаўна неад’емнай і адметнай з’явай побыту насельніцтва Бабруйшчыны, як і Беларусі ўвогуле, выразнай формай правядзення вольнага часу нашымі продкамі. Ён сведчыць аб іх уменні павесяліцца пасля напружанай, цяжкай працы.

З Купаллем у мінулым былі звязаны многія павер’і, перасцярогі, магічныя дзеянні, ад якіх, згодна народным поглядам, быццам бы залежыць дабрабыт і лёс людзей. Дзяўчаты пад час Купалля вілі вянкі з кветак, варажылі, каб даведацца пра сваё шчасце, замужжа, свайго жаніха.

Паводле старадаўніх народных паданняў, у купальскую ноч нібыта ажывае ўся прырода — звяры, птушкі, дрэвы, травы размаўляюць між сабою; адкрываюцца скарбы, а недзе ў лесе, у самым гушчары, цвіце чараўнічая Папараць-кветка; і той, хто знойдзе яе, будзе самым шчаслівым чалавекам на зямлі. І многія людзі верылі ў гэтыя міфалагічныя паданні, у якіх адлюстраваны спрадвечны людскія мары аб шчаслівым жыцці.

Жанчыны днём перад купальскай ноччу збіралі травы ў полі, лесе ці  на лузе, якімі потым лячылі свае хваробы. Лічылася, што кветкі і карэнне, сабраныя на Купалле, маюць добрыя лекавыя якасці.

А калі надыходзіў купальскі вечар, то моладзь, а таксама многія жыхары паселішчаў Бабруйскага раёна больш сталага ўзросту збіраліся на аблюбаваным месцы (каля возера, ракі, на лузе) для правядзення купальскага свята, якое адбывалася надзвычай урачыста. Купалле мела грамадскі, калектыўны характар, бо ў ім ўдзельнічала мноства людзей. Не абыходзілася яно і без сумеснага пачастунка.

На Бабруйшчыне, як і ў іншых месцах Беларусі, Купалле заўсёды суправаджалася запальваннем вогнішча. У гэтым агні мясцовыя жыхары спальвалі зношаныя адзенне і абутак, паламаныя гаспадарчыя непатрэбныя хатнія рэчы, розны хлам. Лічылася, што купальскі агонь валодае вялікай ачышчальнай сілай. Дзяўчаты і хлопцы ў купальскую ноч вадзілі вакол вогнішча карагоды, выконвалі народныя гульні, скакалі над агнём; дзяўчаты пускалі на ваду вянкі, загадваючы пра сваю долю, замужжа, жаніха.

Беларускае купальскае свята было адметна сваімі песнямі і жартамі, прымеркаванымі да яго, і надавалі яму вясёлы і ўрачысты характар. У купальскіх песнях адлюстраваны сямейныя адносіны, праца, каханне, прыгажосць прыроды.

Для песень, што спявалі на Бабруйшчыне на Купалле, было ўласціва хараство, паэтычнасць, дасціпнасць, пяшчотнасць, жартоўнасць. Прывяду да прыкладу тры песні, што гучалі тут на купальскае свята: «У нашым карагодзе» (гучала ў вёсцы Бірча), «Ішло Купала сялом» (у вёсцы Туркі), «Ой, рана, рана на Яна».

У песні «У нашым карагодзе» увасоблены жартоўныя матывы:

У нашым карагодзе

Забілі жабу на падлозе, 

Сяму-таму — па клешанцу,

А Гаўрылу — цэлую жабу,

Каб палюбіў старую бабу.

Тая жаба з жабяняткамі,

Тая баба з дзецяняткамі.

Нашаму Мікітку —  галовачка,

Штоб палюбіла малодачка.

Нашаму Малашку — палавіначка,

Штоб палюбіла чарнабрывачка.

Нашаму Ціту — клешанька,

Штоб палюбіла малесенька.

У песні «Ішло Купала сялом» адлюстраваны журлівыя матывы:

Ішло Купала сялом,

За ім дзевачкі гуськом.

А йдзе ж тыя, Купала, начавала?

Начавала ночку я ў садочку.

А што ж ты, Купала, вячэрала?

Вячэрала ж я хлеб да цыбулю.

А што ж ты, Купала, пад бок слала?

Я слала пад бок лугавую траўку.

У купальскай песні «Ой, рана, рана на Яна» адчуваецца яскрава ўрачысты і вясёлы характар свята. Гэта песня доўгая, прывяду тут толькі чатыры яе першыя радкі:

 Да сёння Купала, заўтра Ян,

Зайграй, сонейка, зайграй нам,

Каб бары шумелі,

А сырая зямліца стагнала

Ад дзявочага гуляння,

Ад жаноцкага спявання…

Людзі і даўней імкнуліся паназіраць узыход сонца ў купальскі ранак. Не абыходзілася Купалле на Бабруйшчыне і без сумеснай вячэры.

Ганна Дулеба,

кандыдат гістарычных

навук, этнограф.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.