Зіма не за гарамі. Што зроблена і з чым варта парупіцца
Пытанне гатоўнасці суб’ектаў гаспадарання раёна да работы ў надыходзячым асенне-зімовым перыядзе абмеркавалі на апошнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.
Падрыхтоўка да зімы
пачалася ўжо ў маі
З гэтага часу на пасяджэннях спецыяльна створанай раённай камісіі рэгулярна абмяркоўваліся падрыхтоўчыя пытанні, заслухоўваліся справаздачы кіраўнікоў аб выкананых мерапрыемствах. У выніку зроблена нямала як упраўленнямі, аддзеламі райвыканкама, так і непасрэдна суб’ектамі гаспадарання. На гэты час цалкам атрыманы пашпарты гатоўнасці 49-ю спажыўцамі цеплавой энергіі. Зарэгістравана, па стане на 20 верасня, 71 з 77 неабходных пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц.
Работы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду кантраляваліся Бабруйскім аддзяленнем філіяла “Энерганагляд” РУП “Магілёўэнерга”. Ад выяўленых недахопаў суб’екты гаспадарання пазбаўляліся. На сёння ў арганізацыях і прадпрыемствах падрыхтаваны неабходныя матэрыялы і абсталяванне. УКП “Жылкамгас” укамплектавана аварыйнай брыгадай для аператыўнага рэагавання на парушэнні цепла- і водазабеспячэння. На выпадак узнікнення надзвычайных сітуацый на балансе камунальнага прадпрыемства маецца 5 адпаведных аўтаномных крыніц, а таксама дызель-генератар. Аб’екты кацельна-
цеплавой гаспадаркі укамплектаваны кампетэнтным персаналам.
Важнай складаючай падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезону з’яўляецца выкананне задання па забеспячэнні спажыўцоў раёна паліўнымі дровамі. Гэтае заданне, як было адзначана, выканана ўсімі прадпрыемствамі, за выключэннем жылкамгаса. Прычым апошняму прыдзецца напружыцца: дроў нарыхтавана каля 30% ад патрэбы, дранкі — пакуль толькі 14,2.
На працягу вясны і лета камунальшчыкамі вяліся работы па замене цеплавых сетак на пі-трубу. Заменена 0,3 км (прыкладна столькі — у стане замены) пры гадавым заданні 1,3 км.
Адначасова з мерапрыемствамі па цеплазабеспячэнні вырашаліся пытанні асвятлення. У месцах агульнага карыстання шматкватэрных жылых дамоў заменены 100 лямпаў на сучасныя святлодыёдныя.
Штоквартальна праводзяцца праверкі стану дымавых і вентыляцыйных каналаў у шматкватэрных дамах з газавым абсталяваннем. У гэтым годзе жылкамгасам падчас капітальнага рамонту дома па зав. Клубнаму ў
пас. Туголіца ўсталявана сістэма рэгулявання на ацяпленне. На кантролі такая ж работа ў дачыненні яшчэ двух дамоў — у Туголіцы і Глушы. Усяго ж на гэты час на балансе УКП “Жылкамгас” 43 шматкватэрных дамы, што ацяпляюцца кацельнымі прадпрыемства, абсталяваны прыборамі ўліку цеплавой энергіі і 17 — сістэмамі аўтаматычнага рэгулявання ацяплення і гарачага водазабеспячэння.
Рамонты, паліва, дарогі
Праведзены капітальныя рамонты жылых дамоў — №15 па вул. Лугавой у п. Глуша і №7 па вул. Перамогі ў
в. Дойнічава. Працягваюцца — на доме №4 па зав. Клубнаму ў Туголіцы і №10 па вул. Пушкіна ў Рэдкім Розе.
Немалая работа ў падрыхтоўцы да зімы выканана на жывёлаводчых аб’ектах сельгасарганізацый. Асноўнымі крытэрыямі атрымання пашпартоў гатоўнасці тут былі спраўная электраправодка, гатоўнасць цеплакрыніц і ацяпляльных сістэм вытворчых і адміністрацыйных памяшканняў.
Ва ўстановах культуры і аховы здароўя праведзены паверка і рамонт кантрольна-вымяральных прыбораў, выкананы планавыя рамонты цеплаізаляцыі трубаправодаў і цеплавых вузлоў. У шэрагу навучальных устаноў заменены на новыя вокны, дзверы, уваходная група. У Варатынскім дзіцячым садку ўстаноўлены рэзерўны насос у кацельнай.
Аддзелам па адукацыі, спорце і турызме дроў нарыхтавана звыш патрэбы, паліўных брыкетаў — пад неабходнасць. Цалкам забяспечаны і тым, і другім установы аховы здароўя. Што датычыцца паліва для насельніцтва, то яго грамадзяне раёна маюць магчымасць набыць праз філіял “Бабруйскі гаррайпалівазбыт”. На сёння некаторая чарга на дровы і брыкеты маецца, аднак да сярэдзіны кастрычніка ўсе заяўкі, як там запэўнілі, будуць выкананы. На сёлетні год, як і ў папярэднія, у раённым бюджэце прадугледжаны асігнаванні на пакрыццё розніцы ў цэнах на цвёрдыя віды паліва, якія рэалізуюцца жыхарам раёна, і часткі гандлёвай надбаўкі на суму 321,8 тыс. рублёў.
Значная падрыхтоўчая работа праведзена і праводзіцца дарожна-эксплуатацыйнымі арганізацыямі — ДРБУ-171 і ДЭУ-72. Гэта цякучыя і капітальныя рамонты дарог, нарыхтоўка саляна-пясчанай сумясі.
Бабруйскім філіялам “Магілёўскія электрычныя сеткі” забяспечаны абслугоўванне электрастанцый, валка небяспечных дрэваў. Створаны запас матэрыялаў на выпадак ліквідацыі аварыйных сітуацый.
Рэзалюцыя
райвыканкама
Такім чынам у цэлым суб’ектамі гаспадарання раёна нямала зроблена ў падрыхтоўцы да зімы, аднак ёсць і нявырашанае. Работа жылкамгаса за недастатковыя тэмпы капітальнага рамонту жылых дамоў, а таксама шэраг іншых недапрацовак прызнана нездавальняючай. Кіраўніку прадпрыемства аб’яўлена дысцыплінарнае пакаранне. У прынятым райвыканкамам рашэнні ўказаны дакладныя тэрміны, да якіх тыя ці іншыя работы павінны быць выкананы. У прыватнасці, да 26 верасня — прыняць меры па атрыманні недастаючых пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц, да 1 кастрычніка — увесці ў эксплуатацыю кацельную ў аг. Хімы, забяспечыць запаўненне ўсіх навесаў паліўнымі дровамі, да 15-га — сфарміраваць яшчэ адну аварыйную брыгаду, укамплектаваць яе ўсім неабходным. Таксама ўказана актывізаваць работы па капітальным рамонце жыллёвага фонду, прыняць меры па аплаце пратэрмінаванай запазычанасці, узмацніць работу па спагнанні з насельніцтва (на 1 верасня — 148,9 тыс. руб або 126,8% да 1 студзеня 2018 г.) і юрыдычных асоб раёна (186,8 тыс. руб ці 130,7% да пачатку года) пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці за аказаныя жыллёва-камунальныя паслугі і інш.
Нямала патрабаванняў з боку райвыканкама да кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. Апошнім указана прыняць неабходныя меры па ўстойлівым функцыянаванні народнай гаспадаркі раёна, стабільным забеспячэнні насельніцтва палівам, электрычнай і цеплавой энергіяй, недапушчэнні выйсця са строю сістэм ацяплення жыллёвага фонду, вытворчых і адміністрацыйных збудаванняў, аб’ектаў сацыяльнай сферы, наяўнасці неабходнага запасу матэрыялаў і абсталявання для ліквідацыі магчымых аварыйных сітуацый на адпаведных аб’ектах раёна ў надыходзячы асенне-зімні перыяд.
Асаблівая ўвага была звернута на эканомію паліўна-энергетычных рэсурсаў. У мэтах устойлівага забеспячэння спажыўцоў раёна цеплавой энергіяй, эфектыўнага выкарыстання паліва і энергіі на патрэбы цеплазабеспячэння прынята рашэнне стварыць раённую рабочую групу і адпаведныя — на кожным суб’екце гаспадарання, па аптымізацыі рэжымаў цеплазабеспячэння і эканомным выкарыстанні паліва і энергіі.
Алена КАРПЕНКА.