Валянціна ГРЫГОР'ЕВА: «Быць маці і артысткай аднолькава няпроста» | Трыбуна працы

Валянціна ГРЫГОР’ЕВА: «Быць маці і артысткай аднолькава няпроста»

14 кастрычніка адзначаюцца адразу два святы — Дзень маці і Дзень работнікаў культуры. Напярэдадні гэтай даты мы вырашылі пагутарыць з жанчынай, якая аб’ядноўвае два статусы, — і маці, і артысткі. І хоць на першае месца мая суразмоўца ставіць — праўда, не заўжды, як кажа, атрымліваецца — мацярынства, а не сцэну, размову пра Валянціну Грыгор’еву пачну як пра добра вядомую жыхарам раёна артыстку. Яе незвычайна кранальны стыль выканання народнай песні, усё роўна — душэўнай ці заліхвацкай, зачароўвае, заварожвае, падхоплівае і пераносіць на стагоддзі назад, дае магчымасць дакрануцца да побыту продкаў, захаваць сувязь паміж пакаленнямі.

Важнай акалічнасцю характарыстыкі Грыгор’евай-артысткі лічу і тое, што яе сцэнічным нумарам звычайна пачынаецца альбо заканчваецца канцэртная праграма найбольш маштабных раённых святаў. А яшчэ яна — кіраўнік доб­ра вядомага не толькі на Бабруйшчыне, народнага ансамбля народнай песні “Пярэзвы” — своеасаблівай візітнай карткі нашага раёна.

Гэта культура мяне знайшла


— Пра вольны час можна толькі марыць, — з усмешкай зазначае субяседніца.
Падчас нашага інтэрв’ю Валянціна таксама не прысела ні на хвіліну — уважліва праглядвала і развешвала ў шафе адзенне членаў створанай ёй год назад студыі эстрадных спеваў, якая назаўтра збіралася ў Магілёў для ўдзелу ва ўрачыстым адкрыцці V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, а да гэтага ўдзельнічала ў адкрыцці фестывалю “Александрыя збірае сяброў”. Адначасова расказвала, куды яшчэ запрошаны калектыў, якія творчыя планы ў “Пярэзваў”, у створанага на базе санаторыя імя Леніна народнага ансамбля народнай песні “Славяне”.
На запытанне, як знайшла сябе ў галіне культуры, Валянціна Грыгор’ева з усмешкай заўважае, што “гэта культура мяне знайшла”. У летнія канікулы пасля заканчэння 8 класаў 15-гадовая дзяўчына вырашыла папрацаваць у мясцовым піянерлагеры. Мыючы посуд, звычайна спявала. Яе здольнасці прыкмеціў музычны кіраўнік установы Міхаіл Немчын і настойліва парэкамендаваў бацькам паслаць Валю вучыцца ў Магілёўскае культпрасветвучылішча. І хоць ні сама дзяўчына, ні яе бацькі да такога павороту не былі гатовы, да парад прафесіянала прыслухаліся.
Першым працоўным месцам, куды малады спецыяліст прыехала па размеркаванні ў 1985 годзе, стаў Бірчанскі сельскі дом культуры Бортнікаўскага сельсавета. Праўда, там дзяўчына затрымалася ненадоўга: у 1986-м была пераведзена на пасаду мастацкага кіраўніка Бортнікаўскага СДК. Клубнай установе цяперашняга аграгарадка аддала 7 гадоў працы — насычаных творчымі ідэямі, іх рэалізацыяй і поспехамі. І ўсё ж найбольш плённымі ў гэтым плане сталі гады работы мастацкім кіраўніком раённага Цэнтра культуры, куды прыйшла на працу ў пачатку 90-х. Уважліва ўбірала ў сябе парады і рэкамендацыі прафесіяналаў, удасканальвала голас, выканаўчую манеру. Прыкладна ў гэты ж час узначаліла ансамбль народнай песні “Пярэзвы”. Зрэшты, шліфаваць прафесійнае майстэрства, навучацца прафесіі, асабліва манеры эстраднага выканання, мая суразмоўца не стамляецца і цяпер.
— Шмат прафесійных парад ужо дае дачушка, — не без гордасці заўважае Валянціна і, адарваўшыся ад падрыхтоўчых да форуму работ, дэманструе аркуш паперы на рабочым стале з пазначанымі на ім нотамі для штодзённай трэніроўкі голасу. — Сучасныя тэхналогіі прапаноўваюць для гэтага ўсё большыя магчымасці, выкарыстоўваю іх сама і прапагандую моладзі.


Вялікае шчасце і вялікая адказнасць


І вось тут адкрываецца Валянціна Грыгор’ева-маці, клапатлівая, пяшчотная, і, як большасць жанчын у дачыненні да дзяцей, ахвярніца.
“Быць маці — вялікае шчасце і вялікая адказнасць”, — гаворыць Валянціна Аляксандраўна. Асабіста ёй як заўзятаму работніку культуры ніколі не хапала часу на дзяцей. І старэйшага сына, і малодшую дачушку, каб не абдзяляць увагай, часта брала з сабой на канцэрты, у рабочыя паездкі. Цяпер дзеці дарослыя. У сына свая сям’я. Дачка Вольга Забашняя — на бабруйшчыне гэтае імя ўжо вядома — заканчвае навучанне ў Магілёўскім каледжы мастацтваў і, як некалі маці, збіраецца папоўніць калектыў раённага Цэнтра культуры.
На выбар дачкой прафесійнага шляху Валянціна, як прызнаецца, не ўплывала. Але і не супярэчыла таму, каб Вольга была яе працягам у прафесіі. Тым болей, што яшчэ ў раннім дзяцінстве заўважыла артыстычныя задаткі дзяўчынкі.
Маці і дачка неаднойчы разам выходзілі на сцэну і, напэўна, неаднойчы яшчэ выйдуць. Цяпер да іх сямейнага дуэту далучаюцца яшчэ і дзве ўнучкі. Старэйшая займаецца ва ўзорным дзіцячым калектыве “Перспектыва”, які зусім нядаўна стаў прызёрам прэстыжнага творчага конкурсу.
…Жыццё не стаіць на месцы. З маладзенькага нявопытнага спецыяліста Валянціна Грыгор’ева ператварылася ва ўпэўненага майстра сваёй справы. З прызнаннем і падзякай адносячыся да ўсіх, хто дапамагаў ёй у прафесійным станаўленні, цяпер з гатоўнасцю перадае ўласны вопыт моладзі.
— На занятках імкнуся стварыць па-максімуму камфотныя ўмовы, — дзеліцца мая субяседніца. — Каб маладыя людзі не проста з задавальненнем прыходзілі ў Цэнтр культуры, а і гатовы былі цалкам раскрыць свой патэнцыял. Толькі недасведчаны можа падумаць, што праспяваць песню — гэта проста вывучыць словы ды выйсці на сцэну. За гэтым — праца, праца і праца…
Колькі сама яшчэ плануе быць на сцэне? Пра гэта Валянціна Грыгор’ева ведае, як кажа, болей чым дакладна — пакуль будзе запатрабавана слухачом. Калі ж адчуе — пара саступіць месца моладзі, зробіць гэта неадкладна і безбалюча: педагагічная дзейнасць, якой актыўна займаецца, прыносіць раённай зорцы не меней асалоды. Тым болей, што і творчых планаў на гэты конт вельмі шмат.
Зрэшты, менавіта творчых планаў і ідэй паболей жадае Валянціна Грыгор’ева калегам напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў культуры. А ўсім матулям з нагоды Дня маці жадае, каб былі здаровымі і ўладкаванымі іх дзеці, бо гэта і ёсць найвялікшае жаночае шчасце і найвялікшы для іх падарунак.
Асобна здароўя і цудоўнага настрою зычыць сваёй матулі, жыхарцы в. Праточнае Быхаўскага раёна, дзе сама яна з задавальненнем бавіць штогодны адпачынак, дзе хутка збяруцца ўсёй вялікай і дружнай сям’ёй (бацькі выгадавалі 10 дзяцей), каб павіншаваць матулю з 80-гадовым юбілеем.
Алена КАРПЕНКА.
Фота з асабістага архіву спявачкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.