Удзельнікі абласной калегіі наведалі Вішнёўку
У рамках выязной калегіі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама, прысвечанай падрыхтоўцы аб’ектаў да асенне-зімовага перыяду, яе ўдзельнікі наведалі аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у в. Вішнёўка нашага раёна. Пабывалі ў жылых і падсобных памяшканнях, пазнаёміліся з занятасцю падапечных, пагутарылі з імі.
“Як правіла, двойчы на год выязджаем у стацыянарныя ўстановы: каб паглядзець падрыхтаванасць да ацяпляльнага перыяду і затым — ацаніць, як ён прайшоў, — адзначыла старшыня камітэта Святлана Тарасенка. — Але мы звяртаем увагу не толькі на падрыхтаванасць установы да зімы, а ацэньваем яе работу ў цэлым. Робім гэта дзеля асноўнай задачы — стварыць утульныя і бяспечныя ўмовы пражывання для нашых грамадзян”, — дадала яна.
Што датычыцца аддзялення кругласутачнага знаходжання ў Вішнёўцы, то, па словах Святланы Тарасенка, яна задаволена вынікамі работы, якую тут пабачыла. “Гэта дзякуючы, вядома ж, удзелу Бабруйскага раённага выканаўчага камітэта, непасрэдна супрацоўнікам раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, калектыву ўстановы, — заўважыла яна. — Усё тут зроблена з душой, прасякнута клопатам пра людзей”.
Працяг калегіі адбыўся ў Глускім раёне.
Падрябязнасці — у суботнім нумары “раёнкі”.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.