Раён уключаецца ва ўборку кукурузы
Напружанасць уборачнай кампаніі спала: збажына ў раёне практычна ўбраная. “Нязначна гектараў засталося ў акцыянерных таварыствах “Саўгас Кісялевічы” і “Міхалёўская Ніва”, у асноўным гэта — зернебабовыя сумясі”, — адзначыла начальнік вытворчага аддзела райсельгасхарчу Жана Жукоўская.
Акрамя таго, як было адзначана, у раёне маецца 150 гектараў кармавых бабоў (у філіяле “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” і Бабруйскім ААТ “Аграмашсервіс”), 250 — соі (пакуль яшчэ недаспела) ў СВК “Гігант” для кармавых патрэб гаспадаркі, а разам з тым і павелічэння ўрадлівасці зямлі.
Раён уключаецца ва ўборку кукурузы. Першымі да гэтай работы прыступілі ў філіяле “Агракамбінат КХП”. Культуру ўбіраюць на сілас і ўраджаем задаволены — 350 ц/га (у мінулым годзе — 201). Ад таго, што кукуруза абяцае парадаваць аграрыяў і іншых гаспадак, болей за тысячу гектараў плануецца выкарыстаць сёлета на зерневыя мэты.
У “Міхалёўскай Ніве” займаюцца ўборкай салодкіх караняплодаў. З пасеяных 320 га цукровых буракоў выкапана, па стане на ўчарашнюю раніцу, 24 пры ўраджайнасці 300 ц/га (у папярэднім годзе — у сярэднім 275 ц/га). Уборка да 20 верасня лічыцца ранняй, цана на прадукцыю ў гэтую пару ў перапрацоўшчыкаў на 20 працэнтаў вышэйшая. Гэтая акалічнасць, а таксама магчымасць “разгрузіць” напружаны кастрычнік, калі ўборка стане масавай, прымушае сельгасвытворцаў рупіцца.
Алена КАРПЕНКА.