Убраць ураджай без страт | Трыбуна працы

Убраць ураджай без страт

Гаспадаркі раёна актыўна ўключаюцца ва ўборку азімага рапсу, наперадзе — масавая ўборка зерневых і зернебабовых культур. Стаіць задача — і сёлета асабліва востра — хлябы ўбраць не толькі своечасова, але якасна, не страціўшы ніводнага зерня. З улікам таго што апошняе напрамую залежыць ад работы ўборачнай тэхнікі, інжынерным службам раёна яшчэ раз нагадалі, як правільна настроіць камбайн.

Удзел у семінары, які прайшоў у чацвер на базе філіяла “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі КХП”, прынялі Аляксандр Сідарэнка, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу, Барыс Клешчукевіч, саветнік старшыні Магілёўскага аблвыканкама, Якаў Яроцкі, дырэктар Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, спецыялісты райсельгасхарчу, раённых службаў, кіраўнікі сельгасарганізацый, галоўныя інжынеры і аграномы.

“Пры сёлетніх кліматычных умовах якасці ўборкі неабходна надаць асаблівую ўвагу”, — адзначыў, адкрываючы семінар, Барыс Клешчукевіч. Ён жа спыніўся на важных момантах падрыхтоўкі вызваленых ад ураджаю палёў да сяўбы азімага рапсу, у прыватнасці, на абавязковым іх ушчыльненні перад засейваннем.

Якаў Яроцкі ў сваю чаргу заакцэнтаваў увагу на асноўных тэхналагічных момантах, якія мінімалізуюць страты ўраджаю, пачынаючы ад рапсу і да зерневых культур. Распавёў, як настроіць камбайн на якасную ўборку, функцыянаванне якіх вузлоў і агрэгатаў тэхнікі кантраляваць на працягу дня, каб мець магчымасць своечасова выправіць узнікшыя хібы, як арганізаваць работу камбайнерскага экіпажа. Спыніўся на некаторых тэхналагічных момантах уборкі менавіта зерневых культур, падрыхтоўкі палёў да сяўбы азімага рапсу. Слушнымі парадамі адносна апошняга з прысутнымі падзяліўся і старшыня СВК “Гігант” Міхаіл Левакоў — гаспадарка ўпэўнена трымае лідарскія пазіцыі ў раёне па ўраджайнасці рапсу і зерневых культур.

Не абыйшлі падчас семінара пытанне бяспекі працы падчас уборачных работ. Наглядна былі прадэманстраваны прадметы, якімі павінен быць укамплектаваны камбайн у мэтах папярэджання на ім пажару. Нагадана патрабаванне галіновага камітэта аб забеспячэнні работнікаў палёў спец­адзеннем.

Закрываючы мерапрыемства, Аляксандр Сідарэнка падзякаваў гасцям за важныя парады і рэкамендацыі і выказаў спадзяванне, што пачутае і пабачанае ўдзельнікі семінара не пакінуць без увагі, прааналізуюць сітуацыю на месцах, правядуць аналагічныя вучобы з механізатарскім складам гаспадарак і збяруць ураджай якасна, не страціўшы ніводнага зерня.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.