Не спякота, дык дожджык
Што б хто ні казаў, а надвор’е — вызначальнае ў атрыманні ўраджаю. І добра, калі яно садзейнічае росту раслін, а затым і ўборачным работам. А калі не…
Песімістычную ноту ва ўпраўленні райсельгасхарчу пакуль не бяруць, але той факт, што з-за дажджоў каля 30% рапсавых пасеваў застаюцца няўбранымі — цалкам завяршылі ўборку культуры ў СВК “Гігант”, філіялах “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” і “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік” — засмучае і насцярожвае. “Калі непагадзь зацягнецца, рапсавае насенне мала таго што можа часткова страціцца ад націску дажджу, дык празмерна набрацца вільгаці”, — адзначае начальнік вытворчага аддзела ўпраўлення райсельгасхарчу Жана Жукоўская. — таму спадзяемся ўсё ж на ўсталяванне пагодлівага надвор’я”. Найбольш значныя аб’ёмы няўбраных гектараў, з яе слоў, засталіся ў акцыянерных таварыствах “Міхалёўская Ніва”, “Неўскі-Агра”, “Саўгас Кісялевічы” і філіяле “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў”.
Пад пагрозай і сёлетняе выкананне дзяржзаказу па закупе рапсу. З гаспадарак, якія культуру ўбралі, план паставак у яго лік выканаў толькі філіял “Варатынь”. У некаторай ступені выратаваць сітуацыю маглі б іншыя алейныя культуры, тая ж сурэпіца, аднак іх у раёне было пасеяна няшмат, як і яравога рапсу.
Зацяжныя дажджы, як было адзначана, могуць негатыўна паўплываць і на якасць ураджаю зерневых культур (уборку хлябоў плануецца пачаць з 20-23 ліпеня), а значыць — якасць насення. У гэтай сувязі спецыялісты райсельгасхарчу раяць гаспадаркам мець на ўвазе СВК “Гігант”, дзе засталіся лішкі леташняга элітнага насення азімага рапсу і зерневых. Апошняе вызвалена ад інфекцыі, прайшло дастатковую стадыю спакою, што станоўча ўплывае на ўраджайнасць пасеваў.
Алена КАРПЕНКА.