Рупіцца работа на сенажацях “Стасеўкі”
Да нарыхтоўкі сенажу на гэтым тыдні прыступілі і земляробы ААТ “Стасеўка”. Тэхнікі для гэтых мэт, як адзначыў антыкрызісны кіраўнік спраў Аляксандр Сушко, у арсенале няшмат — дзве касілкі КДН-210, граблі, КГ-6 з падборшчыкам, МТЗ-2022 з прычэпам ПС-45, МАЗ. Яна не новая, аднак дагледжаная і з ускладзенымі на яе функцыямі, пры адсутнасці форс-мажораў, як тут спадзяюцца, справіцца. Усяго ў гэтую кампанію аграрнікі “Стасеўкі” плануюць нарыхтаваць 2 тыс. тон сенажу і прыкладна столькі ж кукурузнага сіласу ды яшчэ сена.
Першапачаткова зялёнай масай узяліся запаўняць траншэю ў Стасеўцы. Апошняя ад сенажаці ля в. Баравая знаходзіцца недалёка, што дазваляе абыйсціся невялікай колькасцю перавозачнага транспарту.
Сянаж на гэтую пару рыхтуюць з кулісных пасеваў — жыта ўперамешку з сурэпіцай. Пасля гэтае поле збіраюцца засеяць просам, не прадпрымаючы на ім дадатковых падрыхтоўчых мер, што дазволіць скараціць траты на апрацоўку глебы і дасць магчымасць атрымаць не адзін укос.
Адначасова ў гаспадарцы вядзецца нарыхтоўка сена. На лузе ля в. Продзвіна “грэюцца” спрэсаваныя рулоны з пакуль яшчэ зялёнай травы. Далей сена (і сянаж) збіраюцца рыхтаваць на сенажацях у пойме Бярэзіны — на зімоўку гэтага віду грубага корму гаспадарцы таксама патрабуецца прыкладна 2 тысячы тон.
— З вызначанымі задачамі на корманарыхтоўку імкнемся спраўляцца, — адзначае Аляксандр Сушко, — разумеем іх значнасць. Тым болей што паліва для гэтых мэт пакуль маецца. З кадрамі механізатараў у цэлым хоць і не надта: сказваецца аддаленасць ад горада, — аднак забяспечаны, работу сваю людзі ведаюць, выконваюць бездакорна, з разуменнем таго, што гарачыя поры года ў сельгасвытворчасці заўжды напружаныя.
Зрэшты, пра людзей. У дзень нашага наведвання “Стасеўкі” на сенажаці працавалі тры механізатары, і ўсе — Аляксеевы. Як аказалася, сваякі — бацька з сынам і траюрадны брат апошняга.
Аляксей Лазаравіч заняты на валкоўцы скошанай травы. Стаж яго работы ў гаспадарцы — каля 35 год. У тым, што сын працягнуў ягоную справу жыцця, трактарыст бачыць толькі станоўчае: вырошчванне хлеба — была, ёсць і будзе запатрабаванай прафесіяй.
Ніколькі не шкадуе пра калгаснае жыццё і сам Валерый. Тыя чатыры гады, што ён у гаспадарцы, толькі пацвердзілі — выбар зрабіў правільны. Аляксееў-малодшы запраўляе КЗРам. У функцыях камбайна — падбіраць і здрабняць траву, перапраўляць зялёную масу ў прычэп перавозчыка.
Ігар Міхайлавіч Аляксееў займаецца касьбой травы. Апошняя, па словах механізатара, сёлета нядрэнная, таму і працаваць прыемна.
На адвозцы зялёнай масы да траншэі ў дзень нашага наведвання былі заняты Васіль Радзівонаў на трактары МТЗ-2022 з прычэпам ПС-45 і вадзіцель Віктар Болбас на МАЗе.
Алена КАРПЕНКА. Фота Іллі КАСЬКО.