“Гігантаўцы” завяршаюць першы ўкос
У “Гіганце” на гэтым тыдні збіраюцца завяршыць нарыхтоўку корму з траў першага ўкосу. “Але гэта пры ўмове спрыяльнага надвор’я”, — удакладніў, суправаджаючы нас на сенажаці ў пойму ракі Ала, намеснік старшыні СВК па вытворчасці Уладзімір Лысянкоў. Па словах Уладзіміра Уладзіміравіча, у гаспадарцы, па стане на панядзелак, заставаліся няўбранымі толькі лугавыя ўгоддзі на плошчы 335 гектараў. Усяго з траў першага ўкосу ў кааператыве разлічваюць нарыхтаваць 1 000-1 100 тон сена і прыкладна 7 500-8 000 тон сенажу — да 10 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы.
На другой, болей аддаленай ад Вялікіх Бортнікаў дзялянцы, Віктар Віктаравіч Балыка касіў траву
Іван Іванавіч Багданаў на трактары МТЗ-1221 з прычэпам перавозіў зялёную масу
Валерый Уладзіміравіч Хурсан на трактары МТЗ-80 у агрэгаце з граблямі фірмы “Таnutti” шырынёй захопу 12 метраў займаўся валкоўкай травы
Валянцін Рыгоравіч Тарасевіч на трактары “Ягуар-870” займаўся падборам звалкаванай травы і яе здрабненнем
Прыблізна праз тыдзень у СВК прыступяць да другога ўкосу. Дакладныя разлікі на яго ў гаспадарцы пакуль не робяць. Між тым, як заўважыў намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Мікалай Сакун, “калі будуць дажджы, калі будзе магчымасць падкарміць сенажаці, то і другі ўкос атрымаем паўнавартасны”.
Што да сенажу, то яго ў “Гіганце” закладваюць як традыцыйным спосабам — у траншэі, так і ў “рукаў”, і ў палімерную плёнку.
Адначасова з другім укосам траў гаспадарка актывізуе падрыхтоўчыя да жніва работы. “Уборку збажыны, як заўжды, арганізуем якасна, для гэтага ў нас ёсць усе складаючыя: высокавытворчыя камбайны, транспарт для перавозкі зерня, іншая неабходная тэхніка і абсталяванне, а таксама людзі — працавітыя і нераўнадушныя да вынікаў сваёй працы і стану гаспадаркі ўвогуле”, — адзначыў Уладзімір Лысянкоў.
Між тым чакаемай ураджайнасці збожжавых, як тут лічаць, наўрад ці давядзецца атрымаць: дажджы, калі і будуць, кардынальна не паўплываюць на ўраджайнасць культур, закладзеную падчас дэфіцыту вільгаці ў папярэднія месяцы. Затое з задачай — сабраць да апошняга зерня, упэўнены, справяцца “на выдатна”: у “Гіганце” па-іншаму не бывае.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Іллі КАСЬКО.