Філіял “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” уключыўся ў корманарыхтоўку
Касьба травы ў філіяле вядзецца не адзін дзень. Першапачаткова — на сена, а ў сераду прыступілі ўжо і да закладкі зялёнай масы на сянаж. Траншэі для гэтых мэт, па словах галоўнага агранома Аляксандра Парахневіча, падрыхтаваныя. Закладка пачалася з той, што найбліжэй да сенакосу, — фермы Доўгі Клін.
Размаўляючы з механізатарам Васілём Васільевічам Харытонавым (на здымку), які вось ужо восьмую корманарыхтоўку — за штурвалам “Ягуара-870”, прызначанага для падборкі і здрабнення травы, дазнаемся, што ўраджаем сенакосаў вопытны хлебароб не надта задаволены. Адсутнасць дастатковай колькасці дажджоў, па яго словах, не дала раслінам як трэба падняцца, але з прыродай хіба паспрачаешся?
А вось тэхніка, на якой будзе працаваць аж да самай восені, механізатара радуе. Аснашчаны кандыцыянерам, “Ягуар” дазваляе адчуваць сябе ўтульна нават пры працяглай рабоце на ім у спякоту.
Касьбой травы на полі ля в. Доўгі Клін у дзень нашага наведвання займаўся Міхаіл Міхайлавіч Парахневіч на КЗРы, валкаваннем — малады механізатар Арцём Асташоў на трактары “Беларус 1021” у звязцы з ГР-700П. Нягледзячы на тое што сёлетняя корманарыхтоўка для Арцёма — першая ў працоўным стажы, завіхаўся ён каля сучасных грабель надзвычай увішна, з веданнем справы.
Усяго ў сёлетнюю корманарыхтоўку, каб забяспечыць бесперабойнае функцыянаванне жывёлагадоўлі, філіялу неабходна занатаваць 1200 тон сена, 14 тысяч тон сенажу і каля 16 тысяч тон сіласу. Пасля закладкі траншэі на Доўгім Кліне прыступяць да аналагічнай у Варатыні.
Алена КАРПЕНКА. Фота Іллі КАСЬКО.