Темы

Сеансы на вогненнай зямлі

Сеансы на вогненнай зямлі
Нашаму земляку, былому партызану Вялікай Айчыннай вайны І.І. Насевічу прысвячаецца…

Кіно і вайна

Важная роля ў мабілізацыі народных мас на барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны надавалася культурна-
асветніцкай рабоце. На часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі сярод партызан і насельніцтва разам з вуснай прапагандай i агітацыяй, радыё, друкам, нагляднай агітацыяй, мастацкай самадзейнасцю выкарыстоўвалася i кіно.

Яго праблемы ва ўмовах акупацыі разглядаліся партызанскім камандаваннем рэспублікі яшчэ ў пачатку 1942 года. Але было даволі небяспечна збіраць пад адным дахам шмат байцоў i камандзіраў. Да лета абставіны некалькі змяніліся. Партызаны вызвалілі ад акупантаў значныя тэрыторыі, шэраг населеных пунктаў.

Нягледзячы на павелiчэнне выдаткаў на абарону i строгі рэжым эканоміі, СНК СССР у 1942 годзе выдзеліў на стварэнне беларускага кіначасопіса i набыццё кінаперасовак для абслугоўвання партызан i насельніцтва акупіраванай тэрыторыі Беларусі 343 тысячы рублёў. На гэтыя сродкі Упраўленне кінафікацыі БССР набыло некалькі кінаперасовак, кінастужак, наладзіла штомесячны выпуск кіначаcoпica «Савецкая Беларусь», падрыхтавала групу кінамеханікаў для працы ў варожым тыле.

У сярэдзіне 1942-га ў сувязi з наблiжэннем лініі фронту да межаў Беларусі, расшырэннем партызанскіх краёў i зон, усталяваннем сувязi з Вялікай зямлёй паявiлася магчымасць выкарыстоўваць у культурна-асветніцкай рабоце сярод партызан i насельнiцтва Беларусі савецкiя кiнафiльмы. Паказ іх пачаўся ў чэрвенi 1942 г., калi з Вялікай зямлі ў Вiцебскую вобласць прыбыў з кiнаперасоўкай i кiнафiльмам «Разгром немцаў пад Масквой» кiнамеханiк Сямён Жарнасекаў. Да вайны ён працаваў кінамеханікам у г. п. Капаткевічы Гомельскай вобласці. Жарнасекаў дэманстраваў фiльм у партызанскiх брыгадах М. Шмырова, М. Дз`ячкова, А. Марчанка, Я. Станкевiча, М. Пруднiкава i iншых. Адначасова абслугоўваў насельнiцтва Суражскага, Мехаўскага, Сiроцiнскага i Полацкага раёнаў.

Перад пачаткам сеанса кінамеханік Жарнасекаў расказаў пра становiшча на франтах… У час дэманстрацыі карціны ўсе неяк забыліся, што жывуць сярод немцаў, што ў кожную хвіліну iм пагражае смерць. Пасля кінафільма гледачы ўсмiхаліся i ажыўлена размаўлялі. Ведаючы, што ў партызан ёсць кінаўстаноўка, фашысты ўсяляк хацелі яе знішчыць. Перад Новым 1943 годам, пераходзячы чыгунку, партызаны трапілі ў засаду і фашысты захапілі кінаўстаноўку.

За паўгода кінафільм «Разгром нямецкіх войскаў пад Масквой» С. Жарнасекаў дэманстраваў для партызанаў i насельніцтва Віцебскай вобласці каля трохсот разоў. Яго праглядзела звыш 50 тысяч чалавек. За актыўны ўдзел у партызанскім руху, кінаабслугоўванне партызанаў і насельніцтва ў час Вялікай Айчыннай С.В. Жарнасекаў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Мінскі штаб партызанскага злучэння атрымаў дзве кінаўстаноўкі i некалькі фільмаў, якія дэманстраваліся для партызанаў i насельніцтва Любанскага, Слуцкага, Старадарожскага, Мінскага, Барысаўскага, Старобінскага, Капыльскага, Грэскага, Чырвонаслабодскага, Рудзенскага i Чэрвеньскага раёнаў.

Цяжкасці ваеннага часу не дазвалялі наладзіць кінаабслугоўванне партызанаў i насельніцтва ва ўcix абласцях рэспублікі. Яно было арганізавана толькі ў Баранавіцкай, Віцебскай, Мінскай i Палескай абласцях, дзе партызанскі рух быў найбольш развітым i мелася авiясувязь з Вялікай зямлёй. Самая значная колькасць кінаперасовак працавала на Віцебшчыне. Гэтаму садзейнічалi адносна спрыяльныя ўмовы для пранікнення ў тыл ворага: блiзкасць фронту i існаванне ў 1942 годзе «Суражскіх варотаў».

Як правіла, кiнаапаратура i фільмы дасылалiся ў партызанскія фармiраванні з Вялiкай зямлi. Але былi выпадкі, калi партызаны выкарыстоўвалі кiнаперасоўкі, што засталiся яшчэ з даваеннага часу. Так, у вераснi 1941 года партызаны Палескай вобласці разграмiлi варожы гарнiзон у раённым цэнтры Лельчыцы i на працягу двух тыдняў утрымлiвалi яго. У гэты час у мясцовым клубе была арганізавана дэманстрацыя савецкіх фiльмаў.

У лiпенi 1942 года жыхары вёскi Боўкi Быхаўскага раёна Магiлёўскай вобласцi перадалi партызанам кiнаўстаноўкў i два фiльмы «Вялiкi грама­дзянiн» i «Аляксандр Неўскi». У днi паспяховых дзеянняў гiтлераўскiх войск на Усходнiм фронце, у iх тылу ў населеных пунктах Быхаўскага i Прапойскага (зараз Слаўгарадскага) раёнаў партызаны дэманстравалi фiльм аб разгроме нямецкiх псоў-рыцараў на Чудскiм возеры. Як клятва, як заклік да змагання гучалi з экрана словы Аляксандра Неўскага: «Але калi хто з мячом да нас прыйдзе, ад мяча i загiне. На тым стаіць i стаяць будзе руская зямля».

Для дэманстрацыі ў тыле ворага падбiралiся фільмы патрыятычнага гучання: «Аляксандр Неўскі», «Пётр Першы», «Чапаеў», «Разгром нямецкix войскаў пад Масквой», «Абарона Ленiнграда», «Ленiнград у змаганні» і інш. 3 поспехам дэманстраваліся кiначасопісы «Савецкая Беларусь». У 10-хвілінных выпусках яго змяшчалiся рэпартажы з франтоў Вялiкай Айчыннай вайны, расказвалася пра гераiчныя подзвiгі воiнаў-беларусаў, пра іх сем`і, пра самаадданую працу нашых землякоў у савецкім тыле, пра дзейнасць народных мсціўцаў.

Зямляк-кінааператар

На здымку: кiнамеханiк 12-й кавалерыйскай партызанскай брыгады I.I. Насевiч.

Падрабязна пра дэманстрацыю савецкiх фiльмаў у тыле ворага мне расказаў былы радыст 12-й кавалерыйскай партызанскай брыгады Iван Iванавіч Насевiч. У 80-я гады мінулага стагоддзя я працаваў выкладчыкам Мінскага інстытута культуры і тэмай маёй дысертацыі была «Культурна-асветніцкая работа сярод партызан і насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Матэрыялаў было мала, але заставалася яшчэ шмат жывых непасрэдных удзельнікаў тых падзей. З многімі былымі партызанамі ў той час я быў непасрэдна знаёмы. У архівах музея Вялікай Айчыннай вайны знайшоў успаміны І.І. Насевіча і пытаўся ўстанавіць з ім сувязь.

Аказалася, што ён жыве ў г. Бабруйску і працуе настаўнікам. Сам я кожнае лета прыязджаў на сваю малую радзіму ў вёску Ламбава Бабруйскага раёна. Іван Іванавіч у гэты час выйшаў на пенсію. Яго запрасілі папрацаваць выкладчыкам гісторыі ў школе Панкратавіч. Гэта вёска знаходзіцца ў 5 км ад маёй Ламбава. Па тэлефону мы дамовіліся з ім аб сустрэчы і потым як землякі сустракаліся некалькі разоў, дзе ён дзяліўся са мной сваімі партызанскімі ўспамінамі.

Функцыі кiнамеханіка ён выконваў на акупiраванай тэрыторыі Беларусi з лістапада 1943 года. У гэты час у 12 кавалерыйскую партызанскую брыгаду, якая базіравалася ў Старобінскім (зараз Салігорскім) раёне, з Масквы прыслалі кінаўстаноўку. Кінамеханіка не было — і яму, радысту брыгады, як больш знаёмаму з тэхнікай, загадалі дэманстраваць кіно.

«У нас была «нямая» кiнаўстаноўка i чатыры карціны: «Чапаеў» з дадаткам кіна­зборніка «Чапаеў у Айчыннай вайне», «Разгром нямецкіх вой­скаў пад Масквой», «Ленiн у Кастрычніку» i «Хлопец з нашага горада». Апошні фільм быў прызначаны для нямога паказу i меў субцітры, якія я чытаў уголас у час дэманстрацыі. Астатнія кінастужкi субцітраў не мелi, i тэкст даво­дзілася прыдумваць самому, добра што да вайны я працаваў настаўнікам гicтopыі. У брыгадзе быў баяніст, якога я запрашаў для музычнага суправаджэння фільмаў. Па ходу дзеянняў, што адбывалiся на экране, ён нягучна наiгpываў розныя мелодыi.

Першы фільм, паказаны мной, быў «Чапаеў». Ён дэманстраваўся ў брыгадным шпіталi па просьбе параненых партызанаў. Замест экрана мы выкарысталi звычайную прасцiну. Калi партызаны ўбачылi на экране славутага героя Грамадзянскай вайны В.I. Чапаева, то многія заплакалі. А калi пачаў дэманстравацца кiназборнік «Чапаеў у Айчыннай вайне», параненыя з воклiчамi «Бi ix, Васіль Іванавiч!» пачалi ўскокваць з ложкаў. Kiнакадры, дзе паказвалася, як Чапаеў знішчае фашыстаў, давялося паўта­раць некалькі разоў. Вестка пра кіно хутка распаўсюдзілася сярод партызан i цывільнага насельніцтва. Камандзiры атрадаў патрабавалi паказаць кiно і ў ix зонах. Фільмы пачалi сістэматычна дэманстравацца ва ўcix атрадах брыгады, вёсках Чырвонаслабодскага раёна, а затым i ў суседніх брыгадах».

У летні час фiльмы паказваліся ў лесе або ў калгасных свiрнах, дзе раней трымалi збожжа. Тут збiралася вялікая колькасць людзей. Зiмой для гэтай мэты выбіралі звычайна самую вялiкую хату ў вёсцы. Партызаны надзейна ахоўвалi населеныя пункты, дзе адбывалiся прагляды. Часта пасля сеансаў партызаны арганізоўвалi мітынгі.

Беларускія кінамеханікі дэманстравалi фільмы не толькі для партызанаў i насельніцтва сваёй рэспублiкі, але i для народных мсціўцаў Украіны. Зiмой 1943 года на беларускае Палессе прыбыла дывi­зiя партызанскага злу­чэння С.А. Каўпака. Калi там даведалiся, што ў мясцовых партызанаў ёсць кінаўстаноўка i савецкія фiльмы, камандзiр дывiзіі П.П. Вяршыгара звярнуўся да камандавання 12-й кавалерыйскай брыгады з просьбай паказаць фільмы ўкраінскім партызанам. Да каўпакоўцаў быў накіраваны кінамеханік I.I. Насевiч, які на працягу месяца абслўгоўваў кінасеансамi ўсе палкі дывiзіі.

Пасля Вялікай Айчыннай І.І. Насевіч працаваў у г. Бабруйску і Баб­руйскім раёне настаўнікам гісторыі. За самаадданую працу і актыўны ўдзел у вайне меў урадавыя ўзнагароды.

Аляксандр ПАЦЫЕНКА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт БДУКіМ.

Последние новости

Общество

Все вопросы рассмотрены и решены положительно

29 марта 2024
В будущее вместе с нами

Работающая молодежь Бобруйщины соревновалась в бильярде

29 марта 2024
Общество

В Москве с 29 марта по 22 апреля пройдут Дни Могилевской области

29 марта 2024
Общество

Марина Василевская и Олег Новицкий на МКС провели сеанс связи с детьми

29 марта 2024
Человек и природа

Дожди с грозами и до +18°С обещают сегодня синоптики в Беларуси

29 марта 2024
Актуально

Молодежный актив района принял участие в интеллектуально-правовой игре «Модель Шанхайской организации сотрудничества (ШОС)»

28 марта 2024
Общество

Профсоюзные юристы ответили на интересующие вопросы

28 марта 2024
Происшествия и безопасность

29 марта в Бобруйском районе пройдет Единый день безопасности дорожного движения

28 марта 2024
Экономика

Экспорт некоторых промтоваров ограничили в Беларуси

28 марта 2024
Актуально

Лукашенко: всякая финансовая деятельность должна быть подчинена интересам экономики

28 марта 2024

Одноклассники

Районная газета «Трыбуна працы» основана 1 января 1982 года. Учредитель — Бобруйский районный исполнительный комитет. Подписной индекс издания 64092.
Главный редактор Ольга Геннадьевна ГРЕК.

Адрес редакции: г. Бобруйск, ул. Советская, 77-а, каб. 7 (здание районного Центра культуры).
Правила написания комментариев на сайте.
Е-mail редакции: pressa@tribunapracy.by.

Рекомендуем

Общество

В Бобруйском РОВД –– новое назначение   

22 марта 2024
Актуально

У раёне прайшлі “Засеўкі-2024”

26 марта 2024
Актуально

Поздравление от руководства Бобруйского района работникам сферы бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства

24 марта 2024
В будущее вместе с нами

В областном этапе конкурса «Я патриот своей страны» участвует школьница из Бобруйского района

20 марта 2024
Актуально

В Совет Республики выдвинули кандидата от Бобруйского района

19 марта 2024
Актуально

Веселые гуляния, концерт и блины: широкая Масленица прошла в Бобруйском районе

17 марта 2024
Происшествия и безопасность

29 марта в Бобруйском районе пройдет Единый день безопасности дорожного движения

28 марта 2024
Актуально

В Каменской школе соревновались юные инспекторы дорожного движения

16 марта 2024