Работнікі паліклінікі згадалі ахвяр СНІДу
20 мая — Сусветны дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу. Дзень учынены ў мэтах прыцягнення ўвагі грамадства да праблем людзей, хворых на СНІД, тых, хто жыве з ВІЧ, да праблем распаўсюджвання небяспечнага захворвання на планеце.
Сімвалам руху супраць хваробы стала чырвоная стужка, якую ў гэты дзень неабыякавыя да праблемы людзі прышпільваюць на адзенне, а таксама рознакаляровыя палотны — квілты, выкананыя з лапікаў тканіны ў памяць пра мноства людзей, чые жыцці спыніла хвароба.
Медыкі Бабруйскай гарадской паліклінікі №2 у салідарнасць з тымі, каго хвалюе праблема распаўсюджвання ВІЧ-СНІДу, у памяць пра памерлых і ў мэтах папярэджання распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі на Бабруйшчыне, вырабілі своеасаблівае пано і размясцілі яго ў фае ўстановы. Там жа змясцілі інфармацыю пра гісторыю і мэты міжнароднага дня памяці і статыстычныя дадзеныя сусветнай арганізацыі здароўя пра колькасць інфіцыраваных у свеце. Такім чынам і самі далучыліся да акцыі памяці, і звяртаюць увагу наведвальнікаў да існуючай праблемы.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.