Рэабілітацыя праз занятасць
Даць шанец тым, хто “спатыкнуўся” на жыццёвай дарозе, “уліцца” у грамадства і праз працаўладкаванне прыносіць карысць сабе і іншым — адно з актуальных пытанняў занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва, якія вырашаў выязны рэспубліканскі семінар-нарада, што прайшоў на Бабруйшчыне 14 красавіка.
Удзел у семінары прынялі прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі на чале з міністрам Ірынай Касцевіч, міністэрстваў аховы здароўя і ўнутраных спраў, прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкама, кіраўнікі Бабруйскага раённага і гарадскога выканкамаў, старшыні камітэтаў па працы, занятасці і сацабароне аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.
Прысутныя наведалі ў тым ліку Каменскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат — зрабілі экскурс па яго тэрыторыі, азнаёміліся з умовамі пражывання, занятасці і адпачынку падапечных. Наведалі майстэрні, дзе апошнія могуць рэалізаваць свае ўменні, прафесійныя навыкі і творчыя здольнасці, пабывалі на аб’ектах падсобнай гаспадаркі. са слоў дырэктара Галіны Саўчанкі і ўласнага знаёмства з домам-інтэрнатам госці даведаліся, як тут ажыццяўляецца працоўная і сацыяльная рэабілітацыя хворых, у тым ліку з алкагольнай, наркатычнай залежнасцямі, тых, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волі і захварэў. Задача гэтая, як адзначыла Галіна Саўчанка, актуальная і няпростая ў вырашэнні. Аднак у Каменскім доме-інтэрнаце з ёю спраўляюцца, прычым, не стамляюцца шукаць новыя формы і спосабы занятасці падапечных, якія б не толькі зацікавілі апошніх, але і прыйшліся на выпадак іх сацыялізацыі ў грамадстве.
У сувязі з тым што пераважнай частцы пастаяльцаў звыклы вясковы ўклад жыцця, установа сацыяльнага абслугоўвання мае ўласную ферму, дзе ўтрымліваюцца 100 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 28 галоў дойнага статку, а таксама не адзін дзясятак гектараў зямлі, дзе вырошчваюцца бульба і гародніна. Ёсць лячэбна-працоўныя — швейная, па рамонце адзення, па вырабе керамічнай пліткі, мяцёлак з пластыку, свечак, па пашыву тапак і іншыя — майстэрні. Для адных падапечных працатэрапія, па словах Галіны Саўчанкі, паўнавартасная занятасць, для іншых — баўленне вольнага часу з улікам іх пажаданняў і магчымасцяў.
Удзельнікі выязнога рэспубліканскага семінара-нарады наведалі таксама тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна г. Бабруйска, Цэнтр часовага знаходжання асоб без вызначанага месца жыхарства, ЗАТ “Легпрамразвіццё”.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Іллі КАСЬКО.