У полі — трактары “Гіганта”
Самаходны, замежнай вытворчасці апырсквальнік “DAMMANN” на полі прыкметны здалёк. Прызначаная для ўнясення ў глебу вадкіх мінеральных угнаенняў машына прыцягвае ўвагу не толькі яскравым зялёна-жоўтым колерам, але і ўнушальнай шырынёй захопу — 36 метраў. З часу набыцця высокавытворчага апырсквальніка — а гэта ўжо болей за 10 год — ім кіруе Анатоль Фаістаў.
На прыканцы мінулага тыдня механізатар займаўся падкормкай азімага рапсу на полі паблізу Малых Бортнікаў, наперадзе — падкормка збажыны. Працаваць на такой “разумнай” машыне, па словах субяседніка, сапраўднае задавальненне. Усталяваны ў кабіне камп’ютар, акрамя іншага, вызначае траекторыю руху па полі, не дазваляе ўгнаенням двойчы патрапіць на адзін і той жа ўчастак.
Пра сябе Анатоль Анатольевіч, як і большасць нашых земляробаў, гаварыць не любіць. Абыйшоўся тым, што нарадзіўся і вырас у Малых Бортніках. Вывучыўшыся на трактарыста, у 1986 годзе прыйшоў працаваць у родны “Гігант”. Справа, якой займаецца, падабаецца, тым болей што і заробкі, па яго словах, у гаспадарцы нядрэнныя, асабліва ў гарачы сельскагаспадарчы сезон.
Сям’я Анатоля Анатольевіча багатая на дзяцей і ўнукаў. Першыя хоць і “разляцеліся”, аднак бацькоўскі дом не забываюць — у выхадныя яблыку няма дзе ўпасці. “Адных дзён нараджэнняў колькі, — смяецца трактарыст, — дзень і ноч працаваць трэба!”.
Алена КАРПЕНКА. Фота Іллі КАСЬКО.