Першамай для земляробаў — гарачая пара
Свята Працы, якое адзначаць у краіне 1 мая, земляробы Бабруйшчыны сустрэнуць на працоўных месцах. У гарачыя поры года аграрыям і ўвогуле не да адпачынку, тым болей сёлета, калі вясна і палявыя работы затрымаліся. Між тым, у людзей, якія прысвяцілі сябе земляробчай справе, такі расклад спраў не выклікае нараканняў. Механізатары разумеюць: адпачынак тады, калі адпачывае зямля, а цяпер для іх галоўнае — своечасова адсеяцца.
Сяргей Нерушаў з Бабруйскага ААТ “Аграмашсервіс” важнасць кампаніі разумее як ніхто іншы: на рахунку механізатара болей за 20 пасяўных сезонаў у гаспадарцы. У гэтыя дні Нерушаў заняты на сяўбе яравога ячменю. Прыемна назіраць, як ягоны трактар МТЗ-3022 у звязцы з пасяўным агрэгатам РАБЕ важна і ўпэўнена кружыць па полі, збіраючы за сабой чароды птушак. Сяўба гэтай збожжавай культуры ў гаспадарцы блізіцца да завяршэння, пасеяны ўжо і авёс, сеюць яравую пшаніцу. Глеба, па словах Сяргея Дзмітрыевіча, для сяўбы акурат “падыйшла”, насенне якаснае — пры ўмове спрыяльнага надвор’я на працягу сельскагаспадарчага года ёсць усе шанцы разлічваць на добры ўраджай збажыны.
Віншуючы калег і ўсіх жыхароў Бабруйшчыны з надыходзячым Святам Працы, Сяргей Нерушаў жадае, каб апошняя заўсёды прыносіла плён, добры заробак і цудоўны настрой.
У Івана Макеева з гэтай жа гаспадаркі — трэцяя па ліку пасяўная. Пасля заканчэння Хімоўскай школы колішні выпускнік цвёрда вырашыў — з малой радзімы нікуды. Прыйшоўшы ў мясцовую гаспадарку, спачатку працаваў пастухом, а пасля вывучыўся на трактарыста і стаў удзельнічаць, нараўне з калегамі-механізатарамі, ва ўсіх сельскагаспадарчых кампаніях. У тэхніцы Іван Уладзіміравіч толк ведае, таму калі раптам ягоны МТЗ-3022 (цяпер — у звязцы з сеялкай АКПМ-6) “заўпарціцца”, сам жа бярэцца яго рамантаваць.
У Бабруйскім ААТ “Аграмашсервіс” аператарам машыннага даення працуе і жонка майго суразмоўцы. Сям’я, у якой выхоўваецца 14-гадовы сын, жыве ў аграгарадку Хімы ў вылучаным гаспадаркай добраўпарадкаваным доме.
Як і напарнік па працы, Іван Макееў мяркуе правесці Першамай за штурвалам жалезнага каня — час не церпіць. А суайчыннікам напярэдадні свята жадае заўсёды быць з работай, ды пры тым з той, якая па душы.
Алена КАРПЕНКА. Фота Іллі КАСЬКО.