У Каменцы прайшло свята вёскі
Свята населенага пункта адзначылі жыхары в. Каменка Слабадкоўскага сельсавета ў мінулую пятніцу. Ідэйнымі натхняльнікамі і арганізатарамі ўрачыстага мерапрыемства сталі работнікі мясцовага сельскага клуба. Дапамогу і садзеянне аказалі спецыялісты іншых устаноў культуры, што месцяцца ў клубе, а таксама самі каменцы — працалюбівыя і творча адораныя.
Людзей на ўрачыстасць, як адзначыла загадчыца клуба і вядучая мерапрыемства Жана Нікіфаравец, прыйшло надзвычай багата — актавая зала болей як на 120 месцаў была цалкам запоўненай. Пажадаць населенаму пункту перспектывы, а яго жыхарам — здароўя, дабрабыту і плёну ў справах, наведаліся старшыня сельсавета Анатоль Шэлег, прадстаўнікі ТАА “ВЕАМ” — гаспадаркі, якая размяшчаецца на тэрыторыі населенага пункта і дзе працуе значная колькасць вяскоўцаў. Зрэшты, лепшыя работнікі былі ў гэты дзень адзначаны.
Падчас свята жыхары Каменкі згадалі гісторыю сваёй вёскі і людзей, якія садзейнічалі яе развіццю. У прыватнасці, колішняга старшыню калгаса Ф.Н. Шараварава, імя якога носяць піянерская дружына мясцовай школы і цэнтральная вуліца суседняй вёскі Бярэзавічы. Цёплымі словамі згадалі каменцы ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, чыімі намаганнямі здабывалася перамога. З 78 чалавек, якімі ганарылася акруга адразу пасля вайны, у жывых застаўся толькі Е.А. Іваноў з в. Лекерта. Не абыйшлі бокам старажылаў, чыёй працай стваралася і прыгажэла вёска. Шмат цёплых слоў адрасавалі шматдзетным сем’ям, якіх у Каменцы нямала. Не забыліся падзякаваць членам пярвічнай ветэранскай арганізацыі і яе кіраўніку Наталлі Амос — за актыўны ўдзел ва ўсіх, і не толькі клубных, мерапрыемствах, а таксама ўдзельнікам каменскай мастацкай самадзейнасці, дзякуючы якім святы ў населеным пункце праходзяць змястоўна, насычана і весела.
Зрэшты, без меладычных і заліхвацкіх песень не абыйшлося і ў гэты дзень. Яны гучалі ў выкананні як мясцовых артыстаў, так і гасцей урачыстасці.
Алена КАРПЕНКА.