ДТЗ у Бабруйскім раёне. Нарадзіліся ў кашулі
У нядзелю, 17 снежня, прыкладна а 20 гадзіне на 7-м кіламетры аўтадарогі Бабруйск-Мазыр, паблізу в. Лысая Горка, учынена дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам легкавога аўтамабіля “Вольво V40” і гружонага лесаматэрыяламі лесавоза “КАМАЗ 4310”, які належыць аднаму з раённых прадпрыемстваў. За рулём легкавіка знаходзіўся 20-гадовы бабруйчанін са стажам кіроўцы 1,5 гады, на пасажырскім сядзенні — 18-гадовая дзяўчына.
Абставіны ДТЗ, па словах старшага інжынера па арганізацыі дарожнага руху аддзела ДАІ Бабруйскага РАУС Віктара Харлапа, высвятляюцца. Вядома, што кіроўца легкавога аўтамабіля ўчыняў абгон грузавіка. Пасля завяршэння манеўру па невядомай пакуль прычыне пачаў зніжаць хуткасць. Вадзіцель КАМАЗа не паспеў зрабіць тое самае, каб пазбегнуць сутыкнення (зрэшты, апошні не меў адпаведнай катэгорыі для ўпраўлення дадзеным транспартам). У выніку аўтамабілі з’ехалі ў левы па ходзе руху кювет, легкавік атрымаў значныя механічныя пашкоджанні. Людзі, на шчасце, пакут не панеслі. Асобы, якія дапусцілі вадзіцеля КАМАЗа да кіравання без адпаведнай катэгорыі, прыцягнуты да адказнасці.
Дзяржаўтаінспекцыя, звяртаючыся да вадзіцеляў транспартных сродкаў, яшчэ раз нагадвае — падчас выбару манеўру прагназуйце яго вынікі, выконвайце хуткасны рэжым, захоўвайце небяспечную дыстанцыю!
Да таго ж, з 7 па 18 снежня на тэрыторыі раёна праводзіўся комплекс мерапрыемстваў па папярэджанні ДТЗ з удзелам нецвярозых вадзіцеляў і бяспраўнікаў. Усяго за гэты час супрацоўнікі раённай ДАІ выявілі 322 парушэнні (у тым ліку 1-го нецвярозага вадзіцеля, 5 бяспраўнікаў).
Алена КАРПЕНКА. Фота аператыўнай здымкі.