Іх прызванне — педагог
У мэтах выяўлення маладых педагогаў-творцаў з 9 кастрычніка па 20 лістапада праходзіў раённы фестываль-конкурс настаўнікаў, якія маюць педагагічны стаж не больш за 5 год.
У завочным этапе конкурсу, паводле ўмоў якога неабходна было прадставіць відэаўрок, прынялі ўдзел 19 маладых настаўнікаў. У фінальным этапе фестывалю, які прайшоў на базе Хімоўскага ВПК «Дзіцячы сад-СШ», 6 педагогаў: Алёна Чупахіна — з Цялушскага ВПК, Уладзіслаў Шарапаў — з Брожскай СШ, Марына Марудэнка і Марына Цялюк — з Хімоўскага ВПК, Анастасія Гацко — з Бортнікаўскага ВПК, а таксама выхавальнік сада-ясляў пас. Туголіца Кацярына Станпакова. Конкурс праводзіўся па намінацыях, прыналежнасць да якіх вызначалі групы вучэбных прадметаў. Педагогам-фіналістам неабходна было творча заявіць пра сябе (самапрэзентацыя), правесці на сцэне міні-ўрок па тэме “Каб знайсці сваё месца ў жыцці” і зрабіць публічны выступ на тэму “Педагог — учора, сёння, заўтра”.
Па выніках фінальнага этапу раённага фестывалю перамогу атрымаў Уладзіслаў Шарапаў. Між тым, для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу “Прызванне — педагог” накіраваны работы ўсіх 6 педагогаў-фіналістаў.
Алена КАРПЕНКА.