Пачалася ўборка кукурузы на зерне
У філіяле “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” прыступілі да ўборкі кукурузы на зерне. Пад культуру на гэтыя мэты ў гаспадарцы занята 100 га. У цэлым жа па раёне кукуруза на зерне будзе ўбрана з плошчы ў 600 га. Найбольшыя аб’ёмы — 250 га — у СВК “Гігант”. Акрамя вышэйзгаданых гаспадарак, дадзены від работ прадугледжаны ў акцыянерных таварыствах “Міхалёўская Ніва”, “Неўскі-Агра”, “Аграмашсервіс”.
Таксама ў гаспадарках працягваюць займацца ўборкай бульбы і цукровых буракоў, вывозяць на палі арганіку, вядуць ворыўныя работы — падымаюць зябліва пад веснавую сяўбу. У ТАА “ВЕОМ” завяршаюць уборку гародніны.
І, вядома ж, адзін з асноўных клопатаў сельгасвытворцаў на гэтую пару — нарыхтоўка корму на зіму, у прыватнасці, кукурузнага сіласу. Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання, палова кукурузнага кліна на гэтыя мэты ўжо ўбрана. У цэлым па раёне травянога корму на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 20 ц к. адз., і гэтая работа працягваецца.
Алена КАРПЕНКА.