На тэлеэкране — пятровіцкая ткачыха
Не інакш як зоркай тэлеэфіру называюць аднавяскоўцы жыхарку в. Пятровічы Валянціну Мікалаеўну Гайшун пасля таго, як на канале СТВ на гэтым тыдні выйшла праграма “Раніца добрага настрою” з яе ўдзелам.
Цікавасць тэлежурналістаў да Валянціны Мікалаеўны не выпадковая: жанчына на працягу шэрагу год кіруе вядомым на Бабруйшчыне аматарскім аб’яднаннем дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Пятровіцкія ткачы”, які дзейнічае пры Пятровіцкім доме народнай творчасці. Разам з іншымі жанчынамі населенага пункта дэманструе сучаснікам, захоўвае для нашчадкаў старадаўняе рамяство — раней шырока прымяняльнае, а ў цяперашнім побыце наўпроч забытае — ткацтва.
Як ткуць паясы і рушнікі, колькі на гэта адводзіцца часу, хто навучыў жанчыну ткаць, хто прывіў любоў да рамяства — гэтым і іншым галоўная пятровіцкая ткачыха падзялілася з тэлегледачамі ўсёй краіны.
Зрэшты, Валянціна Гайшун — чалавек усебакова творчы: акрамя таго, што кіруе “Пятровіцкімі ткачамі”, яшчэ і ўзначальвае фальклорны калектыў “Спадарушка” і клуб па інтарэсах “Вечарына” пры Доме народнай творчасці.
Алена КАРПЕНКА.