Восеньскія работы працягваюцца
На гэтую пару, як паведаміла начальнік вытворчага аддзела райсельгасхарча Жана Жукоўская, на палях раёна працягваюцца ўборачныя работы.
Убіраецца ўраджай рэдзькі маслянічнай, соі, кукурузы на зялёную масу і сілас. Закладка апошняга вядзецца літаральна ва ўсіх сельгасарганізацыях. Ужо маецца 30 тысяч тон са 103 запланаваных. У акцыянерных таварыствах “Неўскі-Агра” і “Міхалёўская Ніва” працягваюць убіраць цукровыя буракі. У сярэднім з круга бяруць прыкладна па 300 цэнтнераў салодкіх караняплодаў. У разгары і капанне бульбы. З адведзеных пад культуру 870 га бульба выкапана на плошчы ў 389 га. Між тым, уборачныя работы — не адзіны клопат раслінаводаў на гэтую пару. Адначасова з імі вядзецца сяўба азімых зерневых культур — засеяна 65% плошчаў. І, вядома ж, ажыццяўляецца догляд пасеваў азімага рапсу — пад культуру ў раёне занята болей за 3 тыс. га. У пераважнай частцы гаспадарак хімічную апрацоўку рапсу ўжо правялі, у асобных — завяршаюць.
Алена КАРПЕНКА.