Работы на палях удосталь
Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Жана Жукоўская, у раёне вядзецца ўвесь комплекс прызначаных на гэтую пару асенне-палявых работ. У прыватнасці, набірае абароты капанне бульбы. У цэлым па раёне ўбрана 70 з 871 гектара пры сярэдняй ураджайнасці 248 ц/га. Працягваецца капанне цукровых буракоў. Ураджайнасць салодкіх караняплодаў не сказаць каб надта радавала: з аднаго круга бяруць у сярэднім 280 цэнтнераў. У бліжэйшыя дні будзе весціся ўборка мнагалетніх бабовых траў (канюшыны) на насенне.
Таксама ў раёне пачалася ўборка кукурузы. У чатырох сельгаспрадпрыемствах — акцыянерных таварыствах “Неўскі-Агра”, “Аграмашсервіс”, філіялах “Варатынь” ААТ “БЗТДіА” і “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік” — вядуць закладку кукурузнага сіласу на зіму. У адпаведнасці з апошнімі дадзенымі закладзена 4 000 тон са 103-х запланаваных. І, вядома ж, вядзецца сяўба азімых зерневых культур — з 10 500 гектараў засеяна 1400 га. Выконваюцца ўсе неабходныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы глебы да восеньскага засейвання. Што датычыцца сяўбы азімай сурэпіцы і змешаных (з азімым жытам) пасеваў для ранняй падкормкі жывёлы, то яна ў гаспадарках, як было адзначана, практычна завершана.
* * *
Калі дакладней пра гаспадаркі, то ў філіяле “Варатынь”, да прыкладу, як паведаміў галоўны аграном Аляксандр Парахневіч, актыўна вядзецца нарыхтоўка кукурузнага сіласу, засейванне плошчаў, адведзеных пад азімую пшаніцу, звозка з палёў саломы, якую ў філіяле практычна спрэсавалі.
* * *
Земляробы філіяла «Агракамбінат КХП» ААТ «Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў», па словах галоўнага агранома Сяргея Гаўрыленкі, гэтым часам займаюцца сяўбой азімага трыцікале — пад культуру будзе занята 470 га плошчаў. Затым возьмуцца за засейванне жытнёвых палёў. Азімага жыта плануюць пасеяць болей за паўтары тысячы гектараў. Займаюцца ў агракамбінаце таксама прэсаваннем і звозкай з палёў саломы, вырашаюць пытанні, звязаныя з уборкай кукурузы.
* * *
У Бабруйскім ААТ “Аграмашсервіс” на гэтую пару, як стала вядома са слоў галоўнага агранома Андрэя Чорнага, вядзецца ўшчыльненне пасеваў азімай сурэпіцы азімым жытам. Як і ў большасці гаспадарак, прэсуецца і звозіцца з палёў на тэрыторыі ферм салома. На кантролі — уборка кукурузы.
* * *
У ААТ “Стасеўка” салому цалкам убралі. Аб гэтым паведаміў галоўны аграном Роберт Маскальчук. Гэтым часам, як ён адзначыў, у гаспадарцы займаюцца ўнясеннем мінеральных угнаенняў у глебу — падрыхтоўкай яе да восеньскай сяўбы зерневых. Першапачаткова будзе пасеяна трыцікале, затым жыта. Наперадзе таксама — нарыхтоўка кукурузнага сіласу.
Алена КАРПЕНКА.