Палявыя работы працягваюцца

Як паведамілі ў райсельгасхарчы, кукурузу пачалі ўбіраць літаральна ўсе раённыя сельгаспрадпрыемствы, праўда, пакуль (за выключэннем кавалёўцаў) — на падкормку жывёле. Пра ўраджайнасць культуры гаварыць рана: уборка пачалася з нялепшых ўчасткаў.

Земляробы ААТ “Неўскі-Агра” убіраюць кукурузу не толькі на зялёны корм, але і на сілас, займаюцца сяўбой азімай пшаніцы, прэсуюць і звозяць з палёў салому. Убіраць цукровыя буракі ў таварыстве пакуль не прыступалі: вырашаецца пытанне з тэхнікай.

Традыцыйныя для гэтай пары і такія работы, як збор ураджаю насеннікаў мнагалетніх траў, прэсаванне і звозка з палёў саломы, падрыхтоўка глебы пад восеньскую сяўбу.

***

У СВК “Гігант” актыўна капаюць бульбу. З занятых пад культуру 550 гектараў плошчаў убрана, па апошніх дадзеных, 40 га, накапана болей за тысячу тон клубняў. Выкапаная бульба сартуецца — насенне і буйная харчовая займаюць адпаведныя месцы ў аддзяленнях бульбасховішча, а дробная і некандыцыйная накіроўваецца на корм жывёле. Адначасова земляробы гаспадаркі займаюцца сяўбой азімай пшаніцы, ворыўнымі работамі.

У бліжэйшых планах аграрыяў філіяла “Агракамбінат КХП” — сяўба азімага трыцікале. Што да бульбы, то ёю ў гаспадарцы засаджана ўсяго 18 гектараў, прычым, патрапіла насенне ў глебу адносна позна, таму і са зборам ураджаю “другога хлеба” тут не спяшаюцца.

***

У філіяле “Харчавік-Агра” працягваюць нарыхтоўваць травяны корм — прыступілі да ўборкі паўкосных траў на сілас, займаюцца сяўбой азімых зерневых культур на зялёны корм. Азімыя рапс і сурэпіцу ўжо пасеялі.

***

А вось у ААТ “Міхалёўская Ніва” салодкія караняплоды ўжо капаюць. Пры плане ўборкі 313 гектараў убрана 22 га, накапана 630 тон буракоў пры сярэдняй ураджайнасці 286 ц/га, што прыкладна на 70 цэнтнераў вышэй за паказчык ураджайнасці папярэдняга года.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.