Дэлегацыя III Фестывалю мастацтваў беларусаў свету наведала Бабруйскі раён. Наш фотарэпартаж

З 7 па 11 верасня ў нашай краіне праходзіў III Фестываль мастацтваў беларусаў свету. У яго мерапрыемствах, якія адбыліся ў розных рэгіёнах краіны, прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў беларускіх суайчыннікаў з 19 краін: Арменіі, Велікабрытаніі, Германіі, Даніі, ЗША, Ізраіля, Італіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Малдовы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Эстоніі. Усяго больш за 200 беларусаў замежжа прыбылі ў сталіцу нашай дзяржавы. Праграма фестывалю была сфарміравана з улікам юбілейных дат: 950-годдзя з дня заснавання беларускай сталіцы, 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 135-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

10 верасня ў рамках фестывалю з творчым візітам дэлегацыі беларускіх дыяспар з г. Томска і Арменіі пабывалі ў Бабруйскім раёне. Урачыстая іх сустрэча адбылася ў в. Сычкава ля мемарыяльнага комплексу «Курган Славы», дзе ўдзельнікаў мерапрыемства гасцінна, з хлебам-соллю і прывітальнымі песнямі сустрэлі артысты раённага Цэнтра культуры. Шаноўных гасцей павітала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чарнова. Пазнаёміўшы прысутных з праграмай візіту, Галіна Ігнацьеўна прапанавала прайсці да падножжа Кургана для ўскладзення кветак. Малодшы навуковы супрацоўнік раённага гісторыка-краязнаўчага музея Людміла Ляўчэня правяла для гасцей невялікі экскурс у гісторыю стварэння галоўнай славутасці Бабруйшчыны і падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны, звязаных з нашым раёнам. Знаёмства з гісторыяй і культурай Бабруйшчыны працягнулася падчас экскурсіі па горадзе на Бярэзіне з наведваннем Бабруйскага краязнаўчага музея. Затым беларускую дыяспару чакаў аграгарадок Міхалёва. Тут на ганку Міхалёўскага сельскага Дома культуры творчую дэлегацыю з абрадавымі песнямі сустракаў народны ансамбль народнай песні «Пярэзвы». Удзельнікі народнага ансамбля танца «Беларусь», стварыўшы жывы калідор, абсыпалі суайчыннікаў збожжам і манетамі, як даніна павагі сваіх каранёў.

У фае Дома культуры былі арганізаваны выставы-прэзентацыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Мая Бацькаўшчына”, дзе сваю дзейнасць прадставілі народны майстар Беларусі ганчар Юрый Боўда і метадыст Пятровіцкага Дома народнай творчасці Валянціна Гайшун са слуцкімі паясамі і плеценымі лапцямі, адбылася дэгустацыя нацыянальных беларускіх страў. Асаблівую цікавасць выклікаў у гасцей і майстар-клас, праведзены знакамітым ганчаром. На вачах у гледачоў кавалачак гліны ва ўмелых руках майстра ў адно імгненне ператварыўся ў вытанчанай формы глечык. Дырэктар установы культуры Аляксандра Тарасенка запрасіла гасцей наведаць этнаграфічны куток «Спадчына», у якім сабраны старажытныя экспанаты — аддзенне, посуд, ткацтва, прадметы сялянскага побыту беларусаў.

Завяршылася святочнае мерапрыемства канцэртам творчых калектываў Бабруйскага раёна і ўдзельнікаў дэлегацыі. Перад міхалёўцамі і гасцямі ўрачыстасці выступілі вакальны маладзёжны ансамбль «Барвіначкі», вакальны ансамбль «Крыніца», салістка ансамбля «Медуніца» Алена Капылова — з Томска, вакальны ансамбль «Родныя карані» — з Арменіі, і нашыя артысты з «Пярэзваў» і «Беларусі». Падняўшыся на сцэну, Галіна Чарнова падзякавала прадстаўнікам беларускай дыяспары за цудоўны канцэрт, падтрымку беларускай культуры ў свеце, імкненне знаёміць з нацыянальным мастацтвам, папулярызаваць яго, і выказала ўпэўненасць, што творчае і чалавечае сяброўства паміж калектывамі працягнецца і ў далейшым. Усім удзельнікам фестывалю былі ўручаны сувеніры на памяць.

Алена БРАІЛІЦА. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.