У раёне адзначылі Першамай
Напярэдадні міжнароднага свята — Дня працы, які адзначаюць 1 мая, у Беларусі прайшлі значныя маштабныя мерапрыемствы, такія як Міжнародны форум “Прафсаюзы і будучыня сферы працы”, Міжнародная прафсаюзная акцыя “28 красавіка — сусветны дзень аховы працы”, ушанаванне пераможцаў конкурсаў прафмайстэрства, прафсаюзных актывістаў, святочныя канцэрты з удзелам фіналістаў конкурсу Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Новыя імёны” і творчых калектываў Палацаў культуры прафсаюза.
Цудоўнае свята з нагоды Першамаю прайшло і ў нашым раёне. Яго наладзілі раённае аб’яднанне прафсаюзаў сумесна з галіновымі прафсаюзамі і работнікамі культуры.
Уручаючы ўзнагароды і падарункі за добрасумленную працу і значны ўклад у развіццё галіны працаўнікам, а таксама прафсаюзным актывістам, кіраўнік раённага аб’яднання прафсаюзаў Людміла Крычко падзякавала за працу ім, а таксама ўсім тым, чыімі намаганнямі ствараецца дабрабыт Бабруйшчыны. Адзначыла, што станоўчых вынікаў у пытанні абароны правоў і законных інтарэсаў працоўных прафсаюзы могуць дасягнуць толькі пры падтрымцы сацыяльных партнёраў, і выказала спадзяванне, што на апошнюю можна будзе разлічваць.
Ну і, вядома ж, якое свята без песень і танцаў?! Шмат цудоўных уражанняў пакінула ў работнікаў арганізацый канцэртная праграма, наладжаная артыстамі і творчымі — дзіцячымі і дарослымі — калектывамі раённага Цэнтра культуры.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Валянціны МІЛОХІНАЙ.