На Бабруйшчыне працягваюць сеяць ярыну
З надыходам цёплага надвор’я палявыя работы і сяўба яравых культур у раёне актывізаваліся. На гэты час, як паведаміла намеснік начальніка райсельгасхарча па раслінаводстве Жанна Жукоўская, у гаспадарках займаюцца падрыхтоўкай глебы пад сяўбу кукурузы і непасрэдна сяўбой культуры. Пасеяна прыкладна палова ад неабходнага, а ў такіх гаспадарках як філіялы “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік”, “Варатынь” ААТ “БЗТДіА”, СВК “Гігант” кукурузу пасеялі цалкам. Актыўна вядзецца пасадка бульбы. Па апошніх дадзеных, “другога хлебу” у раёне пасаджана 750 га ці 75% ад запланаванага. З іх 550 — у “Гіганце”. Садзіць бульбу тут завяршылі. Ужо пасеяна 670 га цукровых буракоў, што складае 174% ад задання. Працягваецца сяўба адналетнікаў. Таксама вядуцца работы па закладцы шматгадовай культурнай пашы, па перазалужванні лугава-пашавых угоддзяў. І, вядома ж, выконваюцца мерапрыемствы па доглядзе пасеваў. Актыўна вядзецца хімпраполка азімых і яравых зерневых культур, цукровых буракоў, апрацоўка азімага рапсу ад шкоднікаў і іншае.
Алена КАРПЕНКА.