Працоўныя будні Уладзіміра Сушко
Напружаны працоўны графік у механізатара СВК “Гігант” Уладзіміра Сушко, якому па выніках работы за мінулы год прысвоена ганаровае званне “Лепшы механізатар” раёна. Гэтым часам ён займаецца ўнясеннем у глебу вадкіх угнаенняў пад сяўбу кукурузы.
Трактар МТЗ-2022, на якім Уладзімір Васільевіч працуе, не будзе адпачываць і пасля завяршэння дадзенага віду работ: прымяненне для яго ў гаспадарцы заўсёды знойдзецца.
У перадавіка вытворчасці багаты механізатарскі вопыт. На трактарыста-машыніста ён вывучыўся ў пачатку 80-х, праз два гады пасля таго як прыехаў на Бабруйшчыну з Магілёва. І ні разу з таго часу, як прызнаецца, не пашкадаваў, што не давялося рэалізаваць сябе ў першай, набытай адразу пасля заканчэння школы прафесіі станочніка па дрэваапрацоўцы.
У “Гіганце”, па словах Уладзіміра Сушко, надзвычай дружны калектыў механізатараў, працаваць у ім — адно задавальненне. Заўсёды на дапамогу, калі што не ладзіцца, прыходзіць інжынерная служба. Так што невырашальных праблем у трактарыста-машыніста не бывае.
На наша запытанне, як трэба працаваць, каб быць у ліку перадавікоў, Уладзімір Васільевіч з характэрнай для вясковага чалавека сціпласцю адказаў, што не ведае. Літаральна ён проста працуе, сумленна выконвае ўскладзеныя на яго абавязкі.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.