Палявыя работы набіраюць абароты
Актыўна ўключыліся ў веснавыя палявыя работы аграрыі філіяла “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў”. Як і ў іншых сельгасарганізацыях, на гэтую пару тут займаюцца, у асноўным, вывазкай на палі і ўнясеннем у глебу арганікі, ворыўнымі работамі.
За тым і другім мы і засталі ў чацвер механізаваны атрад гаспадаркі на полі паблізу в. Калінаўка. Разумеючы, наколькі каштоўны для хлебароба веснавы час, асабліва пры сонечным надвор’і, у доўгія размовы з механізатарамі ўступаць не сталі. Аднак імёнамі і настроем тых, хто, рыхтуючы поле пад веснавую сяўбу, закладваў у філіяле будучы ўраджай, вядома ж, пацікавіліся. Непасрэдна на раскідвальніках угнаенняў працавалі Арцём Астрэйка, Васіль Фёдараў, Аляксандр Булацкі і Сяргей Пінчук. Юрый Булацкі, жыва кіруючы “Амкадорам”, не даючы трактарам прастойвацца, ажыццяўляў пагрузку арганікі. Тут жа непадалёк Рустам Сауцін шпарка ўпраўляўся з плугамі. Прыемна і цікава было назіраць, як з-пад колаў ягонага трактара з’яўляліся раўнюткія барозды веснавога ворыва.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.