Накіраваць на добрыя справы
У Ленінскім ВПК “дзіцячы сад-СШ” на працягу шасці дзён восеньскіх канікул дзейнічаў аздараўленчы лагер “Сонейка” з дзённым прыбываннем дзяцей.
12 школьнікаў у гэты перыяд наведалі дзіцячую тэатральную пастаноўку ў г. Бабруйску, сустрэліся з інспектарам ДАІ, засвоілі азбуку здаровага ладу жыцця, а музычныя, спартыўныя і інтэлектуальныя конкурсы выявілі актывістаў, якімі сталі ўсе выхаванцы ў розных намінацыях. Ленінскі сельскі клуб таксама актыўна супрацоўнічае з установай адукацыі і прапануе займальныя і карысныя мерапрыемствы для дзяцей.
Вялікую падтрымку ў арганізацыі вольнага часу выхаванцаў аказвае КУП “Бабруйсккіно”. Сеансы не абмяжоўваюцца адным толькі паказам. Вядучы метадыст сельскай кінасеткі Людміла Марчанка заўсёды дасціпна і займальна расказвае аб асцярожнасці, неабходнай асабліва тады, калі знаходзішся дома адзін. Адбыліся прагляд і абмеркаванне павучальных анімацыйных фільмаў, якія праводзіліся ў рамках кінаакцыі “Ура! Канікулы!”. Такія сустрэчы маюць свой плён: парады менавіта з вуснаў любімых мульцігерояў дзецьмі ўспрымаюцца як закон, потым гэтыя законы ідуць у сям’ю.
Асноўная задача занятасці ў вольны час — не толькі дапамагчы бавіць час, папярэдзіць аб небяспецы, але і прынесці карысць: навучыць, дапамагчы ўсвядоміць, накіраваць на добрыя справы.
Галіна СМІРНОВА, начальнік аздараўленчага лагера.