Вёска — гораду
Раённыя вытворцы расліннай прадукцыі працягваюць выкарыстоўваць любую магчымасць рэалізаваць сабраны па восені ўраджай. А таму штосуботы выязджаюць на галоўную пляцоўку, створаную ў Бабруйску спецыяльна для гэтай мэты, — кірмаш па вул. Горкага.
Гандлююць уласнай прадукцыяй у выхадныя і будзённыя дні таксама і на іншых пляцоўках горада: на рынку “Заходні”, міні-рынках Авіягарадка, Кісялевічаў, Фарштадта, у шостым мікрараёне.
Рэалізатары ААТ “Саўгас Кісялевічы”, якіх мы напаткалі ў чацвер на пляцоўцы па вул. Гарэліка, адзначылі, што гэтае месца, а яшчэ авіягарадок падабаюцца ў плане гандлю найболей.
— І ехаць далёка не трэба,— з усмешкай заўважае работнік гаспадаркі, а на час восеньскіх кірмашоў прадавец Марына Аляксандраўна Аўдзеева, — і нас тут усе даўно ведаюць. Паспрабавалі нашу бульбачку — спадабалася, прыходзяць яшчэ купіць. Тым болей што клубні сёлета сапраўды вельмі смачныя.
За гэты месяц за наяўныя грошы прадалі 12 тон бульбы. Цана яе — 25 капеек за кілаграм.
Заўважаем, што столькі ж просяць за бульбу і прыватнікі непадалёк. Але Марына Аляксандраўна канкурэнтаў у іх не бачыць.
— Той, хто паспрабаваў нашай бульбы, абавязкова і зноўку ідзе да нас, — упэўнена рапартуе жанчына. І не пагадзіцца з гэтым нельга: ля машыны з кісялевіцкай прадукцыяй чарга. Памочніца прадаўца Валянціна Міхалап толькі паспявае падаваць яе на вагі. Для зручнасці пакупнікоў фасоўка бульбы розная — ад 2 да 33-х кілаграмаў, а сетка дазваляе выбраць тыя клубні, якія падабаюцца болей.
І хоць, акрамя бульбы, саўгас прапаноўвае гараджанам буракі, асноўная цікавасць гараджан да “другога хлеба”.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.