Героі мірнага часу
Традыцыя ўзнагароджваць перадавікоў вытворчасці, якія дасягнулі на тыдні найвышэйшых паказчыкаў падчас нарыхтоўкі травянога корму, у раёне працягваецца.
Героямі зялёнага жніва на пачатак бягучага тыдня прызнаны механізатары філіяла “Агракамбінат КХП” ААТ “Бабруйскі КХП” Дзмітрый Кунец і бацька з сынам — Юрый і Аляксандр Булацкія.
Павіншаваць земляробаў за сумленную працу, уручыць ім граматы раённага аб’яднання прафсаюзаў, вымпелы ад райкама прафсаюза работнікаў АПК і сувеніры ад раённай газеты выехалі, як і ў папярэднія разы, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Людміла Крычко, в.а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Вяроўкін, карэспандэнт “раёнкі”. Выказаць словы падзякі і пашаны перадавікам корманарыхтоўкі прыехалі таксама в.а. дырэктара ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” Мікалай Гертман, в.а. дырэктара філіяла Генадзь Гальчанка.
Усіх трох механізатараў, як і разлічвалі, напаткалі за справай. Дзмітрый Кунец займаўся касьбой травы, Аляксандр Булацкі — яе падборкай і здрабненнем, Юрый — адвозкай зялёнай масы.
Улічваючы важкасць работы, якой займаліся нарыхтоўшчыкі корму, і тое, што кожны з іх імкнуўся зрабіць як мага болей, нашая сустрэча з механізатарамі не была працяглай. Між тым, кожны з іх, упэўнена, зразумеў — іх праца ацэнена, яна — у пашане, а самі яны — героі мірнага часу.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.